Валер Карбалевіч: Лукашэнка зацікаўлены палепшыць адносіны з ЕЗ



Беларусь не крытыкуе Еўропу за яе разуменне правоў чалавека, але мае сваю пазіцыю па гэтым пытанні, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Еўразвяза па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам 9 сакавіка ў Менску.

Лукашэнка выказаў задавальненне тым, што Беларусь і ЕЗ адышлі ад „лабавога супрацьстаяння”.

Ламбрынідзіс адзначыў, што пасля адмены санкцый супраць Беларусі, ЕЗ разлічвае нарасціць узаемадзеянне ва ўсіх сферах. Брусель па геапалітычных меркаваннях зацікаўлены ў супрацы з афіцыйным Менскам, нягледзячы на правы чалавека, – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

– Візіт гэтага еўрапейскага чыноўніка толькі пацвярджае, што гэтую лінію Еўрапейскі звяз працягвае. У такой лініі даволі моцна зацікаўлены афіцыйны Менск. Я б звярнуў увагу, што сам Лукашэнка прыняў гэтага спецпрадстаўніка. Гэта нечакана, гэтага ў праграме не было. Гэта сведчыць пра тое, што беларускія ўлады моцна зацікаўлены. Зноў жа, звярніце ўвагу, што змянілася рыторыка беларускага боку.

Стаўрас Ламбрынідзіс знаходзіцца ў Менску з візітам з 8 па 11 сакавіка. У яго запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя