Валер Карбалевіч: Любыя санкцыі – зброя вострая з абодвух бакоў
Перахоп самалёта Афіны – Вільня і арышт апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які ляцеў на ім, выклікаў скандал сусветнага памеру. Магчымыя вынікі гэтага скандалу і рэакцыю Еўразвязу і ЗША з Госцем Рацыі, палітолагам Валерам Карбалевічам абмяркоўвалі ў эфіры нашага радыё.
РР: Зараз самая папулярная тэма, якая абмяркоўваецца, гэта прымусовая пасадка лайнера, які ляцеў з Афінаў у Вільню, і арышт блогера і палітычнага актывіста, 26-гадовага Рамана Пратасевіча. Яго за вострыя публікацыі і фільмы ўлады Беларусі абвясцілі тэрарыстам. Хлопцу ледзь не смяротнае пакаранне пагражае. І вось гэтыя ўсе выпадкі разам абурылі, без перабольшвання, цэлы свет. Нават расейскі журналіст і пісьменнік Дзмітрый Быкаў сказаў, што гэты выпадак сам Бог паслаў, каб гэтую сітуацыю паказаць ва ўсіх праявах.
Валер Карбалевіч: Расейская ўлада актыўна падтрымала Лукашэнку. І калі спачатку тая ж самая Захарава з МЗС Расеі аргументавала абарону Беларусі тым, што: “Так, магчыма, і былі нейкія парушэнні, але ж Захад робіць тое самае. І таксама былі выпадкі, калі там парушалі правілы авіяцыйных пералётаў. Таму не трэба тут да Лукашэнкі чапляцца”. А потым яна зусім іншую вылучыла версію. Яна паўтарае тэзісы афіцыйных уладаў Беларусі, што ніякага парушэння не было.
Таму Расея цалкам выступіла ў падтрымку Беларусі і вельмі моцна асудзіла Захад за тое, што там паднятая істэрыка. Калі казаць пра расейскую пазіцыю.
РР: Хоць там разам з Пратасевічам ляцела і грамадзянка Расеі, і яна затрыманая.
Валер Карбалевіч: Так, але я не думаю, што расейская дзяржава моцна занепакоеная лёсам сваіх грамадзян. Гэта ў Амерыцы правы чалавека і лёс чалавека важныя рэчы. А ў Расеі яны самі не вельмі паважаюць правы сваіх грамадзян, чаму яны павінны тут моцна непакоіцца за тое, што тут расейскую грамадзянку “павязалі” ў Беларусі.
РР: Еўразвяз адрэагаваў нечакана востра, таму што забарона на палёты па ўсёй Еўропе для “Белавія” ўсё ж такі дастаткова балючы крок, і фінансава ў тым ліку, і іміджава. Прычым рэкамендавана ўсім самалётам абмінаць Беларусь. Атрымліваецца краіна закрытая для палётаў.
Валер Карбалевіч: Дарэчы, еўрапейскія аіякампаніі таксама будуць несці страты ад гэтага рашэння, і таму любыя санкцыі падобнага роду – гэта зброя вострая з абодвух бакоў. Будзем чакаць новых санкцый ад Еразвязу, якія абяцаныя. Паглядзім, што яны далей змогуць зрабіць, ці будуць ісці на больш моцныя, рашучыя крокі., ці зноў будзе нешта сімвалічнае.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя