Валер Карбалевіч: Менскія пагадненні па Данбасе зайшлі ў тупік



Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пасля перамоваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам заявіў аб магчымасці пошуку альтэрнатыўнага месца правядзення перамоваў па Украіне. На заяву адразу адрэагаваў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей. Паводле ягоных словаў, перанесці перамоўную пляцоўку можна «хоць у Антарктыду, абы быў плён».

З меркаваннем міністра пагаджаецца незалежны палітолаг Валер Карбалевіч:

– Cапраўды, тут праблема не ў месцы правядзення перамоваў. Праблема ў розных пазіцыях Украіны і Расеі па гэтым пытанні, якія проста на сённяшні дзень не сумяшчальныя. Што тычыцца Беларусі, то гэта мае вялікае значэнне. Таму што на самім факце правядзенне Менскіх перамоваў беларускае кіраўніцтва пабудавала цэлую стратэгію замежнай палітыкі.

Карбалевіч мае на ўвазе, што афіцыйны Менск цяпер сябе пазіцыянуе як міратворац і донар бяспекі ў рэгіёне. У гэтай сувязі палітолаг нязгодны з выказваннем Макея наконт таго, што «Беларусь  не напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоваў па Украіне».

– Беларускае кіраўніцтва прыклала пэўныя намаганні, каб менавіта ў Менску гэтыя перамовы адбываліся. Мы ведаем, як Лукашэнка тэлефанаваў і Парашэнку, і Пуціну.

Карбалевіч прызнае, што Менскія пагадненні па Данбасе зайшлі ў тупік і сітуацыя абвастраецца.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя