Валер Карбалевіч: Мігранты становяцца галоўнай праблемай для ўладаў Беларусі



З палітычным аналітыкам Валерыем Карбалевічам абмярковаем асноўную тэму гэтага тыдня – міграцыйны крызіс на мяжы.

РР: Пачнем з пытання, якое людзі зараз задаюць адно аднаму – ці будзе вайна?

Валер Карбалевіч: Будзем спадзявацца, што вайны не будзе. І што хопіць здаровага сэнсу ўсім бакам гэтага канфлікту абмежавацца тымі метадамі, якія выкарыстоўваюцца дасюль. Не думаю, што цяпер вайна ў інтарэсах хоць каго-небудзь – і суседзяў, і ўвогуле вялікіх дзяржаў.

РР: Тады для чаго ўсё гэта робіцца? У вашым тэлеграм-канале ёсць такая гіпотэза, што гэта адказ афіцыйнага Менску на запрашэнне на канферэнцыю ў Вену, якая пройдзе 22-га лістапада.

Валер Карбалевіч: Калі казаць пра непасрэднае абвастрэнне апошніх трох дзён, то думаю, што так. Афіцыйны Менск убачыў, што ЕЗ гатовы на кампраміс. А з логікі Лукашэнкі, кампраміс – гэта пазіцыя слабых. А калі так, то трэба ўзмацніць ціск, і ЕЗ пачне саступкі і будзе гатовы на перамовы на тых умовах, якія прапаноўвае афіцыйны Менск. То бок размен – Беларусь адмаўляецца ад шантажу мігрантамі, а Еўразвяз адмаўляецца ад санкцый.

РР: Абвастрэнне, якое пачалося з панядзелка на польска-беларускай мяжы, адбылося адразу пасля таго, як стала вядома што вось-вось будзе разглядацца пяты пакет санкцый. Так ці інакш гэтая сітуацыя прыспешыла гэты разгляд.

Валер Карбалевіч: Мігранцкі крызіс цягнецца ўжо амаль паўгода. А толькі цяпер Еўразвяз саспеў да пятага пакета санкцый. То бок, гэта адказ на мігранцкі крызіс. Бо папярэднія пакеты былі адказам на іншыя дзеянні афіцыйнага Менску. Гэта не сведчыць пра вялікую рашучасць Еўрапейскага Звяза даць моцны адказ на дзеянні ўладаў Беларусі. І калі глядзець па той інфармацыі, якая з’явілася ў медыях наконт пятага пакету, там не такія ўжо моцныя новыя захады прынятыя Еўразвязам. Хаця паглядзім.

РР: Ці не карыстаецца Масква гэтай сітуацыяй, каб яшчэ больш пашырыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі?

Валер Карбалевіч: Пакуль можна канстатаваць, што Масква карыстаецца гэтай сітуацыяй дзеля ўзмацнення ўплыву на Беларусь. Бо чым горш адносіны Беларусі з краінамі Захаду, тым большая залежнасць Беларусі ад Расеі. Таму гэтая сітуацыя выгадная Маскве.

РР: Сёння Уладзімір Макей фактычна прызнаў, што Крым у рэальнасці ёсць расейскім. А яшчэ год – два таму афіцыйны Менск заяўляў, што выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Гэта таксама вынік ціску Масквы на ўлады Беларусі?

Валер Карбалевіч: Пазіцыя Менску па Крыме была супярэчлівай заўсёды. Калі папыталі чый Крым, то Лукашэнка казаў, што рэальна ён належыць Расеі. Тое самае паўтарыў сёння Макей, нічога новага ён не дадаў. У гэтым пытанні ўлады Беларусі ўсяляк ухіляюцца ад дакладнай заявы.

РР: Вяртаючыся да міграцыйнага крызісу, калі Лукашэнка ўсё ж такі вырашыць спыніць гэтую эскалацыю, ці так проста будзе пазбавіцца ад гэтага патоку мігрантаў?

Валер Карбалевіч: Мне падаецца, што гэта галоўная праблема цяпер для ўладаў Беларусі. І гэта ўжо становіцца яе галаўным болем. Бо калі Польшча і Літва жорстка будуць выціскаць гэтых мігрантаў са сваёй тэрыторыі на беларускую, а іх ужо тут па некаторых ацэнках каля 15 тысяч, то сапраўды ўзнікае пытанне – што з імі рабіць? І гэта ўжо праблема Беларусі. І гэта ўжо праблема нейкай камунікацыі для беларускага насельніцтва. І мне падаецца, што гэтая праблема можа стаць галоўным чыннікам, які можа паўплываць на пазіцыю афіцыйнага Менска ў міграцыйным крызісе.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя