Валер Карбалевіч: Мы бачым зараз сімвалічны пратэст…
Палітолаг Валер Карбалевіч адзначае, што для Беларусі чэргі, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты – дастаткова рэдкая з’ява.
Не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі людзі становяцца ў чэргі, каб падпісацца за прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Святлану Ціханоўскую – жонку блогера Сяргея Ціханоўскага, які не здолеў падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам, бо ў гэты час яго ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Валер Карбалевіч: Чэргі да прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду – гэта для Беларусі даволі рэдкая з’ява. Можна ўзгадаць, што ў 2010 годзе пэўны час у Менску я таксама бачыў чэргі да кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, але ж зараз іншая сітуацыя.
Калі людзі стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс за Ціханоўскую, не баяцца каронавіруса, то гэта сведчыць пра тое, што прэзідэнцкія выбары моцна палітызавалі беларускае грамадства. І, акрамя таго, мы бачым вялікі градус незадаволенасці беларускім кіраўніком, а таму людзі гатовыя падпісвацца за любога кандыдата, які пратэстуе супраць дзеючай улады. Пры гэтым пратэстуе гучна.
РР: Адным словам, падпісваюцца не столькі за Святлану Ціханоўскую, колькі супраць Аляксандра Лукашэнкі?
Валер Карбалевіч: Мне бачыцца сітуацыя менавіта так, бо сам Сяргей Ціханоўскі заклікаў людзей не хадзіць на выбары, а таму практычны сэнс падпісвацца за Святлану Ціханоўскую невялікі. Мы бачым зараз сімвалічны пратэст супраць уладаў і асабіста супраць Лукашэнкі.
РР: Ці будзе гэта трансфармавана ў нейкія практычныя дзеянні?
Валер Карбалевіч: Час пакажа. Людзі падпісваюцца і разлічваюць на тое, што такімі дзеяннямі яны дапамогуць нешта змяніць у краіне. А як практычна нешта змяніць, калі Святлана Ціханоўская не збіраецца рэальна змагацца за прэзідэнцкую пасаду? Тут пэўны дысананс ёсць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя