Валер Карбалевіч: Пакуль не бачу аб’яднання…



“Тэма правядзення Кангрэса стала сродкам дадатковага расколу ў шэрагах апазіцыі”, – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

karbalevicz1-700x400

Як ужо паведамлялася, аргкамітэт па падрыхтоўцы Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі вызначыў часовы парадак вылучэння кандыдатаў на гэта мерапрыемства.

Мэтай Кангрэсу заяўлена кансалідацыя дэмакратычных сілаў, выпрацоўка і прыняцце супольнай стратэгіі.

Валер Карбалевіч: Цяжка казаць, чым закончыцца гэтая ініцыятыва, бо сёння ўплыў апазіцыі на грамадска-палітычнае жыццё зусім малы. Таму тое, што адбываецца ў апазіцыі, у першую чаргу цікавіць саму апазіцыю.

РР: Кангрэс можа аб’яднаць пэўныя дэмакратычныя сілы?

Валер Карбалевіч: Пакуль тэма правядзення Кангрэса, як мне падаецца, наадварот стала сродкам дадатковага расколу ў шэрагах апазіцыі. Ідуць розныя спрэчкі паміж тымі, хто хоча праводзіць мерапрыемства, і тымі, хто не хоча. Таму пакуль я не бачу ніякага аб’яднання. А ці атрымаецца яно? Толькі час гэта пакажа, бо тут складана даваць прагнозы. Пакуль наогул да канца не зразумелыя сэнс і парадак дня Кангрэса. Арганізаты кажуць, што яны, маўляў, прапаноўваюць шлях выратавання Беларусі ў крызісны перыяд, які зараз ёсць. Памкненні, безумоўна, добрыя. Але ці ўспрыме грамадства той дакумент, які будзе прыняты? Ці спадабаюцца насельніцтву тыя выратавальныя меры, што вызначыць Кангрэс?

РР: Адным словам, пакуль можна казаць пра шэраговае мерапрыемства, якіх было ўжо шмат?

Валер Карбалевіч: Я думаю, што ў правядзенні Кангрэса не будзе ні вялікіх плюсаў, ні мінусаў. Гэта проста нейкі чарговы крок на шляху ўзаемадзеяння апазіцыі паміж сабой.

РР: Як гэта будзе ўплываць на грамадства?

Валер Карбалевіч: Вось тут – вялікае пытанне. Людзі не бачаць, якім чынам апазіцыя сёння можа ўплываць на нешта. Не бачаць у ёй ўплывовую сілу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя