Валер Карбалевіч: Перамовы пачаліся, але змест пакуль да канца не зразумелы



Госць Рацыі – палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

РР: У цэнтры ўвагі па-ранейшаму міграцыйны крызіс. Магчыма гэтага і дамагаўся Лукашэнка – перабіць усе іншыя тэмы, паставіць гэтую першым пунктам у павестцы дня. У сваім тэлеграм-канале вы выказалі такую канстатацыю, што пачынаецца гандаль паміж Еўразвязам і рэжымам у Беларусі. Пра гэта ўжо сведчыць дзве размовы Лукашэнкі з Ангелай Меркель, якая пакідае хутка пасаду канцлеркі. Нядаўна з’явіўся каментар сакратаркі Лукашэнкі, даволі пагрозлівы, што беларускі бок вытрымлівае дасягнутыя нейкія дамоўленасці падчас гэтых тэлефонных размоваў, а еўрапейскі – не, і што па-ранейшаму 7 тысяч мігрантаў застаюцца ў Беларусі. Як на вашу думку далей будзе працягвацца гэты канфлікт, развівацца гэтая сітуацыя, у прыватнасці на беларуска-польскай мяжы?

Валер Карбалевіч: Як далей будуць развівацца падзеі ніхто не ведае. Я не астролаг. Важна канстатаваць, што сапраўды пачаўся дыялог, пачаўся торг паміж Еўразвязам і афіцыйным Менскам. І бакі дамовіліся пра нейкія механізмы, пляцоўкі, на якіх будзе ісці гэтае абмеркаванне. Эйсмант казала пра экспертаў, а ўчора БелТА паведамляла, што будуць нейкія чыноўнікі з Еўразвяза і беларускія афіцыйныя асобы ўступаць у перамовы, таму пакуль не да канца зразумелы патрабаванні абодвух бакоў. Калі еўрапейскія медыя і некаторыя чыноўнікі кажуць, што Лукашэнка нібыта запатрабаваў прызнаць яго прэзідэнтам і адмяніць санкцыі. Але Эйсмант кажа, што нічога падобнага няма. Патрабаванні беларускага боку зводзяцца да таго, каб 2 тысячы мігрантаў прапусцілі ў Нямеччыну, а астатніх каб дапамаглі вывезці з Беларусі. Таму пакуль не зразумелы парадак дня гэтых перамоваў. Дакладней, зразумела, што гаворка ідзе толькі пра міграцыйны крызіс. Усе астатнія пытанні вынесены за дужкі. Ну а змест іх пакуль не да канца зразумелы.

РР: Сам факт размовы Меркель з Лукашэнкам – гэта тое, чаго ён дамагаўся?

Валер Карбалевіч: Я думаю, што часткова так. Першае, гэта адпомсціць суседзям і ўвогуле Еўразвязу за іх палітыку. І гэтую задачу Лукашэнка ў прынцыпе выканаў. Другое, гэта сапраўды прымусіць уступіць у дыялог. Прычым у дыялог, у якім парадак дня вызнае афіцыйны Менск. То бок, дасюль Еўразвяз казаў, што ён гатовы весці перамовы з афіцыйным Менскам, але толькі пра вырашэнне ўнутрыпалічынага крызісу, – спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, правядзенне ўнутрапалітычнага дыялогу, правядзенне новых выбараў. А цяпер фактычна гэтыя тэмы вынесены за дужкі. І цяпер гаворка ідзе пра міграцыйны крызіс. То бок, той парадак дня, які прапаноўвае афіцыйны Менск. Таму, гэтыя задачы, можна сказаць, выкананы. А што далей, што яшчэ хацеў Лукашэнка атрымаць ад гэтага, пакуль не вельмі зразумела.

Цалкам Размова:

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя