Валер Карбалевіч: Пра знешніх ворагаў кажуць не першы раз…



Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра тое, чым выкліканы рэзкія заявы прадстаўнікоў сілавых органаў.

Днямі Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў Польшчы падраздзяленні спецпрызначэння займаліся вывучэннем падыходаў да мяжы ў накірунку Берасця.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі таксама звярнуў увагу на тое, што колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА на тэрыторыі суседніх з Беларуссю дзяржаў (Польшчы, Латвіі, Літвы) за апошнія пяць гадоў павялічылася з 25 тысяч да 40 тысяч чалавек.

Дарэчы, такая ж рыторыка з вуснаў Аляксандра Вальфовіча гучала і раней. Напачатку гэтага месяца ён заявіў, што Захад хацеў дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, не грэбуючы нічым, і падышоў да чырвонай рысы.

Валер Карбалевіч: Не вельмі зразумела, чым выкліканы такія рэзкія заявы прадстаўніка сілавога ведамства і дзяржаўных СМІ, якія таксама актыўна ўключыліся ў інфармаванне пра магчымую ваенную пагрозу з Захаду. Не выключана, што рыхтуецца нейкае рашэнне ў вайсковых дачыненнях Беларусі і Расеі, а таму зараз ідзе інфармацыйная падрыхтоўка грамадства да гэтага.

РР: Ствараецца атмасфера замежнага ваеннага напружання…

Валер Карбалевіч: Улады не першы раз распавядаюць грамадству пра знешніх ворагаў і знешнюю пагрозу. Гэта ўжо, як рытуал.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя