Валер Карбалевіч: Пуціну патрэбна нейкая перамога на вонкавым фронце



Перад выбарамі ў Думу Пуціну патрэбныя перамогі. А гэта можа быць эканамічная інтэграцыя з Беларуссю. Палітычны аналітык Валер Карбалевіч каментуе сустрэчу Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае адбыцца 9 верасня. Ранейшыя сустрэчы не прыносілі плёну, але зараз сітуацыя мяняецца. Як вынікае з афіцыйных паведамленняў, плануецца нават сумесная канферэнцыя. А гэта ўжо нечаканая інфармацыя, заўважае Валер Карбалевіч.

– Трохі нечакана, таму што звычайна сапраўды ўсе гэтыя сустрэчы заканчваюцца нічым. Ніхто нічога не каментуе, ніякай інфармацыі. А тут прэсавая канферэнцыя. Сапраўды, я думаю гэта звязана з думскімі выбарамі ў Расеі. Пуціну патрэбна нейкая перамога на вонкавым фронце. Аб’явяць эканамічную інтэграцыю з Беларуссю, што дамовіліся пра гэтыя саюзныя праграмы. Будуць у асноўным ладзіць піяр на гэтым.

Інфармацыю пра змест сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі літаральна даводзіцца збіраць па кроплях, падкрэслівае палітолаг. Раней у СМІ з’явілася інфармацыя са спасылкай на беларускага амбасадара ў Маскве, што менавіта зараз плануецца падпісаць так званыя «дарожныя мапы» па больш цеснай расейска-беларускай інтэграцыі. Пазней – гэту інфармацыю зняпраўдзіў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя