Валер Карбалевіч: Рэпрэсіі ўздзейнічаюць на масавую свядомасць



Прэвентыўныя затрыманні пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі і перад святкаваннем Дня Волі могуць паўплываць на хвалю народнага абурэння дэкрэтам №3 і агульнай сітуацыяй у беларускай эканоміцы.

Па словах палітолага Валера Карбалевіча, наколькі масавай будзе акцыя 25 сакавіка ў Менску залежыць у тым ліку і ад таго, ці застануцца арганізатары шэсця на свабодзе:

– Тое, што гэта прапагандысцкая кампанія і рэальныя рэпрэсіўныя захады ўздзейнічаюць на масавую свядомасць, патэнцыйную колькасць людзей, якія маглі б удзельнічаць у акцыі, гэта безумоўна так. Гэта працуе, а ў якой меры, гэта ўжо іншае пытанне. Пра маштаб акцыі 25-га цяжка нешта казаць, пакуль незразумела, што з маршрутам акцыі, незразумела колькі чалавек будзе арыштавана, хто застанецца з кіраўніцтва на волі.

Праваабаронцы налічылі ўжо 260 чалавек, затрыманых пасля пачатку масавых акцый у Беларусі супраць дэкрэта аб дармаедстве.

Праваабарончы сайт „Вясна” штодня абнаўляе спісы затрыманых. Праваахоўныя органы сітуацыю з затрыманнямі па-ранейшаму не каментуюць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя