Валер Карбалевіч: Рэпрэсіўная сістэма працягвае працаваць
Палітолаг Валер Карбалевіч тлумачыць, чаму на фоне беларуска-еўрапейскага дыялога ў краіне працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ.
Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РУУС Першамайскага раёну Менска склаў пратакол на аператара «Белсату» Аляксандра Баразенку «за парушэнне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў» (артыкул 9.21КаАП). Цяпер яму пагражае штраф ад 460 да 1150 рублёў.
“20 ліпеня у Бруселі адбудзецца чарговы раунд Дыялога па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўразвязам, – напісаў у Фэйсбуку старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. – Здаецца, упершыню ў ім прымуць удзел (няхай і ў абмежаваным фармаце) некаторыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, уключаючы мяне. Пакуль выбудоўваў у галаве свой кароткі выступ, даведаўся, што аператару Аляксандру Баразенку (якога затрымалі падчас прамога рэпартажу з акцыі 25 сакавіка і асудзілі за хуліганства) “шыюць” справу аб парушэнні аўтарскіх правоў. І як вы думаеце, пра што я буду казаць на тым самым “Дыялогу”? І чаму прадстаўнік МУС у апошні момант адмовіўся ехаць у Брусель? І ці не ёсць гэта чарговай правакацыяй сапраўднай “пятай калоны”?
Валер Карбалевіч: Найперш трэба сказаць, што зараз лібералізацыя ў Беларусі адносная. Яна бачна ў нейкіх асобных сферах, але палітычны рэжым застаўся той жа самы. Другі момант – ёсць яшчэ сіла інерцыі, якая мае ўстаноўку душыць незалежныя СМІ. І пакуль не далі дакладны загад зверху спыніць усе рэпрэсіі, сістэма працягвае працаваць. Таму розныя часткі гэтай рэпрэсіўнай машыны дзейнічаюць у розныя бакі. Міністэрства замежных спраў працуе на лібералізацыю, а мясцовыя сілавыя структуры – па сваім графіку і ў сваім алгарытме.
РР: Няўжо ўладам выгодна падчас дыялогу з Еўропай прэсаваць незалежныя СМІ?
Валер Карбалевіч: Вясной гэтага году адбылася вельмі значная рэч – улады ўбачылі, што яны страцілі манаполію над беларускім інфармацыйным полем. І гэта для іх вельмі балюча. У адно сыйшліся дзве тэндэнцыі. Спачатку, пасля падзей у Крыме, афіцыйны Менск убачыў, што расейскія медыі ўплываюць на беларускую аўдыторыю больш, чым беларускія дзяржаўныя. А вясной заўважылі і той факт, что свае незалежныя СМІ таксама маюць большы ўплыў на беларусаў, чым тыя ж самыя дзяржаўныя. Напрыклад, людзі больш глядзелі анлайн-трансляцыі з акцый, чым беларускія тэлеканалы. Улады спужаліся і спрабуюць скарэктаваць сітуацыю. А адзінае, што яны могуць зрабіць, – гэта аказваць ціск на незалежных журналістаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя