Валер Карбалевіч: Сепаратысты – гэта расейскія марыянеткі



Стаў вядомы змест пратакола, які быў падпісаны пятага верасня ў Менску, паводле вынікаў пасяджэння кантактнай групы па Украіне. У пратаколе – 12 пунктаў, а першым з іх значыцца “неадкладнае, двухбаковае спыненне прымянення зброі”. Далей гаворыцца аб правядзенні дэцэнтралізацыі ўлады і датэрміновых мясцовых выбараў.

На думку палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча, пытанне выбараў ды іншыя палітычныя пытанні рэалізаваць на практыцы будзе складана:

– Пра дэцэнтралізацыю ўкраінскія ўлады гаварылі даўно, яшчэ да выбараў прэзідэнта. Усё ж пытанне ў дэталях, што такое дэцэнтралізацыя, якія паўнамоцтвы цэнтр гатовы аддаць рэгіёнам? Вось тут і ўзнікнуць галоўныя супярэчнасці.

Валер Карбалевіч дадае, што галоўнае тут пытанне выбараў, а дакладней тое, якім чынам могуць адбыцца выбары ў Луганскай і Данецкай абласцях:

– На колькі я разумею, Масква і сепаратысты мяркуюць, што гэтыя выбары павінны прайсці пад кантролем сепаратыстаў, а калі так, то гэтыя выбары будуць прыкладна такія ж, як рэферэндум у Крыме, дзе 93% прагаласавала “за”. Што атрымаецца? Сепаратысты – гэта расейскія марыянеткі. Атрымоўваецца, што гэта ўкраінская тэрыторыя, але кантралюе яе фактычна Расея, узнікне сітуацыя поўнага абсурду.

“Таму Кіеў будзе спрабаваць правесці выбары пад міжнародным кантролем, але яго будзе надзвычай складана арганізаваць”.

Пры гэтым Валеры Карбалевіч лічыць, што цалкам рэальна вырашаць іншыя пытанні, а менавіта спыніць прымяненне зброі ды вырашаць пытанні гуманітарнага характару, калі на гэта будзе згода ўсіх бакоў канфлікту.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя