Валер Карбалевіч: Стыль Лукашэнкі – ў адной фразе спалучаць процілеглыя тэзісы



Валер Карбалевіч расказаў у эфіры нашага радыё Уладу Грынеўскаму пра пяты пакет санкцый, і чаму трэба глядзець не на заявы Лукашэнкі, а на рэальнасць. 

– Ці заслужыла Беларусь чарговыя санкцыі?

– Заслужыла ці не заслужыла цяжка казаць, а вось справакавала – безумоўна. Пяты пакет санкцый ёсць адказ Еўрасаюза на міграцыйны крызіс, які разгараецца, справакаваны ўладамі Беларусі.

– Беларускія ўлады кажуць, што ніякага дачынення не маюць да мігранцкага крызісу. 

– Заявы беларускіх уладаў і Лукашэнкі вельмі супярэчлівыя. Некалькі разоў Лукашэнка прызнаваў, што мы перасталі кантраляваць беларускую граніцу ў звязку з тымі нядобрымі дзеяннямі на наш адрас з боку Захаду. І ў выніку Еўропа атрымала гэты мігранцкі крызіс. То бок, ён не хавае, што менавіта беларускія ўлады спрычыніліся да гэтага. А іншым разам яны спрабуюць абвергнуць, той жа самы Лукашэнка ў інтэрв’ю CNN спрабаваў абвергнуць тое, што ён сам калісьці прызнаваў. Таму я бы глядзеў не на заявы, а на рэальнасць. 

– Адносна санкцый сёння таксама супярэчлівае выказванне прагучала – з аднаго боку Аляксандр Лукашэнка гаворыць, што санкцый ніякіх няма і ўвогуле яны ніяк не паўплываюць на нашу эканоміку, а з іншага боку прызнаецца, што санкцыі ўжо колькі разоў былі і Беларусь іх перажывала. Сапраўды праблемы такой няма ў Беларусі?

– Гэта ж палітычны стыль Лукашэнкі, калі ў адной фразе ён спалучае ўзаемавыключальныя тэзісы. Калі ніякіх санкцый няма, тады навошта праводзіць ужо не першую нараду аб процідзеянні гэтым санкцыям? З іншага боку, ён кажа: мы пад гэтымі санкцыямі даўно, але такіх санкцый яшчэ не было, а рэальна санкцыі яшчэ не пачалі дзейнічаць. Таму ўсе гэтыя разважанні хутчэй больш прапагандысцкія. 

Беларускае Радыё Рацыя