Валер Карбалевіч: У дзяржапараце Беларусі адбываюцца чысткі



У дзяржапараце Беларусі адбываюцца чысткі. У гэтым перакананы палітолаг Валер Карбалевіч.

Як прыклад эксперт прыводзіць гісторыю з ад’ездам экс-прэм’ера Румаса і выказванне Лукашэнкі пра бялыніцкіх чыноўнікаў:

– Невыпадкова ён там папракаў, казаў, што бел-чырвона-белыя сядзяць нават у Бялыніцкім райвыйканкаме. Дзеля таго, каб правесці рэферэндум, трэба вельмі моцна зачысціць усю палітычную прастору, яе ўтрамбаваць, забетанаваць, закатаць усіх у асфальт. Толькі ў такім разе магчымы рэферэндум, які не прывядзе да такіх забурэнняў, да якіх прывялі прэзідэнцкія выбары.

Жорсткая зачыстка ўсёй палітычнай і грамадскай прасторы будзе адбывацца ўвесь год, прагназуе эксперт. Галоўны фактар далейшага развіцця сітуацыі ў Беларусі – гэта фактар унутраны, то бок, пазіцыя беларускага грамадcтва. Знешнія фактары могуць быць дадатковымі. Спадзевы на лідараў пратэсту, якія вымушана знаходзяцца за мяжой, альбо на ціск з боку іншых краін – гэта ўтопія, мяркуе Валер Карбалевіч.

Беларускае Радыё Рацыя