Валер Карбалевіч: Змены ў Канстытуцыі магчымы, але ў перспектыве
Аляксандр Лукашэнка не выключае перадачы часткі функцый ад прэзідэнта іншым галінам улады. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Каментуючы перспектывы ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, Лукашэнка адзначыў, што асабліва трэба ўзмацніць ролю выканаўчай улады.
Палітолаг Валер Карбалевіч сумняецца ў намерах Аляксандра Лукашэнкі перадаваць камусьці частку сваіх паўнамоцтваў.
– Усё сваё палітычнае жыццё Лукашэнка гэтыя паўнамоцтвы збіраў, забіраў у іншых органаў улады і перадаваў прэзідэнту. Уявіць сёння, што раптам Лукашэнка захоча гэтыя паўнамоцтвы перадаваць камусьці назад, досыць цяжка.
«Момант для агучаных пераменаў можа наступіць, калі па нейкіх прычынах Аляксандр Лукашэнка зразумее, што далей кіраваць краінай не можа», – дадае Валер Карбалевіч.
– Лукашэнка не хоча перадаваць пераемніку той аб’ём паўнамоцтваў, якім валодае ён. Пра гэта гаворка ідзе. Але паколькі Лукашэнка нікуды пакуль зыходзіць не збіраецца і нібыта праблем са здароўем у яго няма, таму і ўсе гэтыя размовы, я думаю, пра даволі няблізкаую будучыню.
Нагадаем, у 2016 годзе праўладная партыя ЛДП прапанавала правесці рэферэндум аб унясенні зменаў у Канстытуцыю, на які прапаноўвалася вынесці пытанне аб павелічэнні тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў. 15 сакавіка гэтага года на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда Лукашэнка заявіў, што «патрэбныя напрацоўкі». У сваю чаргу старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на мінулым тыдні заявіла аб магчымасці і неабходнасці рэферэндума з нагоды ўнясення зменаў у беларускую Канстытуцыю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя