Валер Кавалеўскі: ЕЗ не дазволіць Лукашэнку граць у «сваю» гульню, але дае шанец перамоваў



22-га лістапада ў Вене адбылася міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па пытанні Беларусі. На сустрэчы былі запрошаныя прадстаўнікі кіраўніцтва краіна Захаду, Расеі, безумоўна, рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў Беларусі.

Адразу пасля заканчэння асноўнай часткі канферэнцыі наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – кіраўніком Кабінету Святланы Ціханоўскай Валерам Кавалеўскім пра тое, ці прысутнічалі на сходзе прадстаўнікі Беларусі і Расеі, які вектар стасункаў з Беларуссю выбірае Еўразвяз надалей і якім чынам мусіць быць вырашаны далейшы лёс Лукашэнкі.

РР: Раскажыце, калі ласка, пра канферэнцыю ў Вене на вышэйшым узроўні, дзе прысутнічае каманда Святланы Ціханоўскай. Якія першыя вынікі?

Валер Кавалеўскі: Яна яшчэ працягваецца. Скончаны толькі першы сегмент, там дзе ў абмеркаванні прымалі ўдзел канцлер Аўстрыі, міністр замежных спраў Аўстрыі, міністры замежных спраў Германіі, Польшчы, Фінляндыі, Славеніі, яшчэ некалькіх краін. І ў гэтым абмеркаванні прымала ўдзел таксама Святлана Ціханоўская. Праца працягваецца, зараз працуе экспертная панэль для таго, каб абмеркаваць, чаго не хапае для перамен у Беларусі, і што Беларусь будзе чакаць, калі перамены ўсё ж такі адбудуцца.

РР: То бок канферэнцыя заняла толькі адзін дзень, ці спатрэбіцца больш часу?

Валер Кавалеўскі: Так, гэта аднадзённая канферэнцыя.

РР: А ці былі запрошаны на канферэнцыю ў Вене прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі і адпаведна з Крамля?

Валер Кавалеўскі: Гэтым пытаннем займаўся аўстрыйскі бок, які быў арганізатарам канферэнцыі. Так, сапраўды, у іх былі кантакты і з беларускім рэжымам, і з расейскім урадам. Былі такія прапановы, але яны былі адхіленыя абодвума бакамі.

РР: Заяўленая мэта канферэнцыі ў Вене – вырашэнне палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі. Якія праблемныя пункты існавання палітычнага рэжыму ў Беларусі адзначылі ўсе ўдзельнікі дадзенай канферэнцыі?

Валер Кавалеўскі: Самае галоўнае, чаго дасягнула гэтая канферэнцыя і пацверджана пазіцыя Еўрапейскага звязу, тых краін, якія ўзялі ўдзел у канферэнцыі, – гэта прынцыповая ацэнка таго, што адбываецца ў Беларусі, што гэта абсалютна не дапушчальна, што гэта не прымальна для еўрапейскай сям’і, таму будзе прымацца цэлы пакет захадаў – ад ціску палітычнага, дыпламатычнага, да фінансавага ціску праз санкцыі. Безумоўна праз дапамогу для грамадзянскай супольнасці, для незалежных медыя, для тых беларусаў, якія былі рэпрэсаваныя.

РР: Ці будуць вынікі канферэнцыі аформлены неяк юрыдычна? Якую будуць мець сілу: рэкамендацыйную, ці абавязковую для Беларусі?

Валер Кавалеўскі: Была прэсавая канферэнцыя па выніках самага галоўнага сегмента, у якой узялі ўдзел канцлер Аўстрыі, Святлана Ціханоўская, міністр замежных спраў Аўстрыі і таксама камісар па пытаннях пашырэння Еўрапейскага звязу, дзе былі замацаваныя вынікі абмеркавання. Адказалі таксама на некаторыя пытанні ад медыя. Святлана Ціханоўская са свайго боку падкрэсліла прынцыпы ўрэгулявання крызісу, што не можа быць ніякіх перамоваў з рэжымам у Захада, перамовы, дыялог магчымы толькі паміж рэжымам і беларускім грамадствам, але важнай перадумовай для гэтага з’яўляецца вызваленне палітычных зняволеных, якія таксама павінны ўдзельнічаць у гэтым дыялогу.

РР: Ці паднімалася пытанне міграцыйнага крызісу? Ці сапраўды ён вырашыўся падчас тэлефоннай размовы Меркель з Лукашэнкам? Ці ўвогуле паднімалася такое пытанне?

Валер Кавалеўскі: Пытанне крызісу на мяжы Беларусі і Еўразвязу безумоўна прысутнічала, але яно не стала цэнтральным пытаннем. Гэта хутчэй стала прыкладам таго, якім небяспечным стаў рэжым Лукашэнкі не толькі для беларусаў, але цяпер ужо і для рэгіянальнай бяспекі, для ўсёй міжнароднай супольнасці. А таму гэта проста як ілюстрацыя таго, якім становіцца неадэкватным рэжым Лукашэнкі і як важна да яго прымаць самы сур’ёзныя захады. Бо проста вырашыць крызіс на мяжы, гэта не вырашыць праблему Лукашэнкі ўвогуле. Для таго, каб вырашыць падобныя крызісы сёння і на будучае, то безумоўна трэба вырашаць крызіс у Беларусі, а гэта азначае – ціск на Лукашэнку, каб рэжым пагадзіўся на дыялог з беларусамі, і каб мы ўрэшце рэшт прыйшлі да вольных выбараў.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» Валерам Кавалеўскім размаляла Вольга Сямашка.