Валер Кавалеўскі: Гэта была рашучая параза рэжыму
Госць Рацыі – Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі. З ім пра вынікі візіту ў Нью-Ёрк размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Як бы вы акрэслілі вось гэтую сваю паездку ў Нью-Ёрк – пазітыўна, нешта не атрымалася зрабіць? Вось як бы вы гэта ахарактарызавалі?
Валер Кавалеўскі: Ахарактарызую вельмі станоўча. Найперш трэба было быць у Нью-Ёрку ў штаб-кватэры ААН тады, калі было галасаванне Асамблеі па выбарах кандыдата ў Раду бяспекі ААН. Як вядома, Лукашэнка высоўваў сваю кандыдатуру, але з трэскам прайграў Славеніі. Літаральна гэта была рашучая параза рэжыму, і тут трэба адзначыць, што і Славенія, канешне, правяла вельмі ўдалую, вельмі сучасную кампанію, якая сабрала 153 галасы. Гэта досыць шмат для такой напружанай барацьбы. А тое, што рэжым набраў толькі 38 галасоў, паказвае, як моцна скарацілася падтрымка рэжыму, як моцна ўпала рэпутацыя Беларусі на міжнароднай арэне. Гэта не выпадковыя лічбы, гэта шмат аб чым сведчыць.
А іншыя сустрэчы, якія былі, яны былі прымеркаваныя да таго, што роля ААН рэзка вырастае ў нашай знешняй палітыцы, сыходзячы з таго, што ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш напружанай. А Лукашэнка ўцягнуў нашу краіну ў вайну супраць Украіны. І зараз ужо ідзе падрыхтоўка да размяшчэння расейскай ядзернай зброі на нашай тэрыторыі, і гэта тыя праблемы, якія трэба абмяркоўваць менавіта ў ААН. Для таго, каб прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці, каб расказваць, што беларусы з гэтым нязгодныя. Нязгодныя ні з удзелам у вайне, нязгодныя з размяшчэннем ядзернай зброі расейскай у Беларусі, бо ўсё гэта стварае вельмі сур’ёзныя пагрозы для нашага суверэнітэту, для нашай незалежнасці.
РР: Сапраўды Беларусь была кандыдатам у непастаянныя чальцы Рады бяспекі і паведамлялася пра тое, што Славенія знянацку атрымалася, і Беларусь не патрапіла. Гэта больш такое сімвалічнае рашэнне ці гэта такі канкрэтны палітычны крок зараз на міжнароднай арэне?
Валер Кавалеўскі: Гэта вельмі сур’ёзнае рашэнне, і ў яго практычныя наступствы. Можам толькі ўявіць сабе, што Лукашэнка атрымлівае гэтую перамогу і ён трапляе ў Раду бяспекі. Гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі ўдзельнічаў бы ў абмеркаваннях і прыняцці рашэнняў па пытаннях міжнароднага міру і бяспекі. І гэта той чалавек, які пастаянна парушае статут ААН, які сам з’яўляецца пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы. Гэта азначае, што фактычна гэта быў бы другі голас Расеі ў месцы, дзе прымаецца найважнейшае рашэнне для міжнароднай бяспекі. Таму гэта сапраўды вельмі важны крок, што гэтага не дапусцілі, што ўсё ж такі Славенія перамагла.
Гэта былі намаганні шматлікіх людзей, у тым і дэмакратычныя сілы Беларусі, і Святлана Ціханоўская ўдзельнічалі, каб не дапусціць гэтага.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя