Валер Кавалеўскі: Гэта паказчык наколькі непрымальным стаў Лукашэнка



З прадстаўніком Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў міжнародных справах Валерам Кавалеўскім пра выступ і сустрэчы Святланы Ціханоўскай на Асамблеі ААН размаўляў наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР:  Калі параўнаць спіс сустрэчаў, якія на Асамблеіі ААН правяла Святлана Ціханоўская, і спіс сутрэчаў міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея, то тут відавочная перавага ў бок Святланы. Хто насамрэч агульнапрызнаны прадстаўнік Беларусі на дадзены момант?

Валер Кавалеўскі: Відавочна, што мы маем справу з працай у міждзяржаўнай арганізацыі, таму на сёння ААН па-ранейшаму не разглядае сітуацыю Беларусі як крытычную. І такім чынам разглядае Лукашэнку як прадстаўніка беларускай дзяржавы. Таму ў Макея ў гэтым сэнсе заўсёды была значная перавага ў тым, што можна арганізоўваць падчас Генасамблеі, як можна атрымліваць доступ у будынак штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У нас было значна больш перашкод. Хоць Святлана Ціханоўская выступае ад імя беларускага народу, але тым не менш дзяржаву прадстаўляе Макей. Таму былі пэўныя складанасці, былі вельмі значныя бар’еры. Нягледзячы на гэта ўсё, у нас атрымалася зрабіць паўнавартасную праграму. Былі і публічныя выступы, напрыклад, у Калумбійскім універсітэце, былі спецыялізаваныя абмеркаванні тэматычныя, скажам, па пытаннях Украіны, ролю Лукашэнкі і рэжыму ў вайне.

Таксама абмяркоўваліся парушэнні правоў дзяцей у Беларусі, а гэта такі важны індыкатар наколькі нізка паў рэжым у пытаннях правоў чалавека ў Беларусі. Ну і канешне, была цэлая серыя двухбаковых сустрэч на важных узроўнях, высокіх узроўнях, мінімум на ўзроўні міністра замежных спраў, а гэта былі і прэм’еры, і прэзідэнты краін

РР: Два прэзідэнты, наколькі я бачу па спісе.

Валер Кавалеўскі: Так. Былі таксама сустрэчы і з кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. А гэта тое, пра што мы таксама не можам расказваць наўпрост, але разам з тым я адзначу, калі мы параўноўваем гэтыя спісы, вельмі важна зразумець, што ў Макея таксама былі сустрэчы непублічныя, пра якія нам добра вядома. І гэта само па сабе можа быць зразумелым, напрыклад, для нас як для недзяржаўнай структуры, але для Макея, які сустракаецца з нейкімі дзяржавамі і якія кажуць, што мы сустрэнемся толькі на ўмовах непублічнасці, гэта таксама з’яўляецца такім важным паказчыкам наколькі непрымальным стаў Лукашэнка, наколькі непрымальны Макей для многіх дзяржаў, якія проста саромяцца сустракацца публічна з Макеем і макееўскімі дыпламатамі.

РР: А што гэта за дзяржавы, гэта Еўразвяз ці  нейкія іншыя?

Валер Кавалеўскі: Я не магу, на жаль, раскрываць такія падрабязнасці. Гэта розныя краіны. Калі я буду пра гэта казаць адкрыта, то будзе лёгка зразумець пра што вядзецца размова. Але вельмі важна, што з намі дзеляцца такой інфармацыяй, што нам расказваюць пра факты сустрэчы з Макеем і пра тое, што абмяркоўвалася на гэтых сустрэчах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя