Валер Кавалеўскі: Лукашэнка не можа быць абраны ў Раду бяспекі
Госць Рацыі – прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі. З ім гутарыць наш карэспандэнт Стась Дадэрка пра магчымы ўваход ці не ўваход Беларусі ў Раду бяспекі ААН.
РР: Вашай мэтай было, каб лукашэнкаўская Беларусь не ўвайшла ў Раду бяспекі ААН. Як увогуле сталася такая сітуацыі, і чаму такі выбар узнік паміж Беларуссю і Славеніяй? Ці мае Лукашэнка на гэта шанцы? І што вы зрабілі, каб гэтага не адбылося?
Валер Кавалеўскі: Вельмі шмат пытанняў, таму што і сама задача вельмі складаная. Увогуле месца ў Радзе бяспекі ААН нават калі гэта непастаянныя чальцы Рады бяспекі, а я нагадаю, ёсць пяць пастаянных чальцоў – гэта Расея, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША як ядзерныя дзяржавы і 10 непастаянных краін, якія кожныя два гады змяняюцца. Патрапіць у шэраг непастаянных чальцоў Рады бяспекі вельмі прэстыжна, бо гэта самы галоўны міжнародны орган, у якім вырашаюцца пытанні міру і бяспекі. Яго рашэнні абавязковыя, калі яны будуць прымацца, канешне, для выканання краінамі-чальцамі ААН. Чарга туды выстраілася ўжо па стане на сённяшні дзень да 2072 года.
РР: На стагоддзе наперад, можна сказаць.
Валер Кавалеўскі: Дзе мы будзем у тыя гады, я не ведаю, але лукашэнкаўская Беларусь у свой час дамовілася на тое, каб яны менавіта ў гэты год абіраліся ў Раду бяспекі на безальтэрнатыўнай аснове, гэта значыць, што ў іх не было б канкурэнта. Але вось калі пачалася вайна, стала відавочна, наколькі гэта ненармальна, нават яшчэ пасля 2020 года было ўжо відавочна, што гэта ненармальна. І мы для сябе таксама вырашалі, што мы будзем, канешне, супраціўляцца гэтай перспектыве, што Лукашэнка не мае права быць за гэтым сталом. Чалавек, які ўчыняе злачынствы літаральна кожны дзень, і стаў ужо пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы. Але пасля пачатку вайны гэта ўжо стала занадта відавочна, і вось Славенія ў мінулым годзе вырашыла супрацьдзейнічаць гэтаму і выставіла сваю кандыдатуру. І цяпер яны з’яўляюцца рэальнымі супернікамі, што адбываецца не так часта на выбарах у Раду бяспекі, бо гэта складаная і вельмі такая тонкая працэдура галасавання. Павінна дзвюм трацінам чальцоў прагаласаваць “за”, а пры гэтым галасаванне таемнае, немагчыма спраўдзіць, хто як прагаласаваў.
І тое, што я рабіў зараз у Нью-Ёрку, – я ўзаемадзейнічаў з дэлегацыямі краін, якія спачуваюць Беларусі, якія падтрымліваюць Беларусь, для таго, каб сарыентавацца ў гэтай задачы, бо сама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый вельмі складаная. У яе ёсць свае правілы, свой сусвет, так бы мовіць. Але атрымаў неабходную кансультацыйную падтрымку і арганізацыйную таксама. Праведзеныя сустрэчы з першымі дэлегацыямі з краін глабальнага поўдня. Гэта тыя краіны, якія паходзяць з Афрыкі, з Паўднёвай Амерыкі, з Азіі. І вельмі добра ўспрымаюць аргументацыю, чаму Лукашэнка не мае права быць на гэтай пасадзе і не можа быць абраны ў Раду бяспекі, і чаму насамрэч гэта падрывае і аўтарытэт Рады бяспекі. Канешне, Лукашэнка – гэта не той чалавек, які адстойвае незалежнасць, а Беларусь фактычна становіцца правадніком каланіяльных палітык і практык Расеі на нашай тэрыторыі. Ён тое самае спрабуе рабіць ва Украіне, дапамагае Расеі.
РР: Афрыканскія краіны павінны гэта разумець са сваім каланіяльным мінулым. Тут паралель відавочная, так?
Валер Кавалеўскі: Абсалютна дакладна, гэта тое, што іх чапляе, і гэта тое, на што яны звяртаюць увагу. Тут я адзначу, што голас беларусаў – асаблівы. Не могуць пра гэта казаць брытанцы, не могуць пра гэта казаць французы, бо ў іх у саміх ёсць гэты цяжар тых адносінаў з тымі краінамі. А мы пра гэта можам казаць адкрыта. І нас слухаюць. Я бачу па рэакцыі, што насамрэч гэта аргументацыя досыць трапная. І будзем, канешне, працаваць далей.
Выбары праходзяць, менавіта галасаванне праходзіць у чэрвені гэтага года. А да гэтага часу нам трэба шмат што зрабіць, каб ні ў якім разе не дазволіць гэтаму здарыцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя