Валер Кавалеўскі: Новыя санкцыі Еўразвязу будуць набіраць моц паступова
«Калі беларусы патрабуюць дзеянняў, то Захад выказвае занепакоенасць. А калі Захад пачынае дзейнічаць, то занепакоенасць выказваюць беларусы».
Такім жартам, датычным санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, у нашым эфіры падзяліўся кіраўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай, дыпламат Валер Кавалеўскі:
– Тут трэба выбіраць, канешне. Калі мы хочам жорсткіх санкцый, сектаральных санкцый, то гэта будзе мець свае кошты для нас у тым ліку. Мы павінны будзем у нейкім сэнсе пацярпець. Сектаральныя санкцыі ў пэўным сэнсе былі б, можна сказаць, бонусам. Калі сёння яны здаюцца слабымі, то праз 2-3 месяцы яны будуць набываць моц і станавіцца больш рэальнымі. Іншыя кампаніі, якія б маглі мець бізнес і з беларускімі тымі прадпрыемствамі, яны будуць адмаўляцца ад таго, каб заключаць новыя кантракты. Таму што гэта ўсё будзе мець даволі сур’ёзныя рызыкі. А бізнес гэтыя рызыкі не вельмі любяць.
Па словах Кавалеўскага, тое, што новыя санкцыі Еўразвязу будуць набіраць моц паступова, з аднаго боку дазваляе пазбегнуць сур“ёзных наступстваў для беларускае эканомікі і грамадства, а з другога боку дае сігнал: калі паводзіны афіцыйнага Менску не будуць мяняцца, санкцыі будуць станавіцца ўсё больш і больш жорсткімі. Каманда Святланы Ціханоўскай працягне фармаваць новыя санкцыйныя пакеты і забаронныя спісы прадстаўнікоў рэжыму.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя