Валер Кавалеўскі: Пазбаўленне беларусаў грамадзянства – гэта цынічнае беззаконне



Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі заявіў, што пазбаўленне грамадзянства, якое належыць кожнаму чалавеку па праве нараджэння – цынічнае беззаконне, якое супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі.

Пра гэта, а таксама пра дзейнасць новага міністра замежных спраў Беларусі ды пра санкцыі пагутарм сёння з „Госцем Рацыі” – палітыкам Валерыем Кавалеўскім.

РР: Пачаць, напэўна, варта з закону пра пазбаўленне грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Нібыта раней толькі гаварылі і сам Лукашэнка выказваўся, што такі закон абавязкова мае быць. І вось Палата прадстаўнікоў ужо ўводзіць яго. Якая першая рэакцыя на гэта?

Валер Кавалеўскі: Гэта выглядае як беззаконны акт, які наўпрост супярэчыць Канстытуцыі, дзе прапісана забарона на тое, каб беларусаў пазбаўлялі грамадзянства, тым больш атрыманага па праве нараджэння. Гэта супярэчыць і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі. Канешне, мы разумеем, што гэта робіцца ў мэтах палітычнага ціску на апанентаў рэжыму, найперш гэта тычыцца тых, хто выехаў па-за межы Беларусі. Выехаў вымушана, праз пераслед. Мы адзначаем для сябе, што такая незаконная практыка пазбаўлення людзей грамадзянства практыкавалася ў нацысцкай Германіі. І мы памятаем, як скончылася гэта гісторыя і для Гітлера, і для рэжыму. І гэта можа быць чарговым індыкатарам таго, куды рухаецца гэты рэжым. Гэта зноў злачыннае дзеянне супраць беларускага народа, гэта новы эпізод у крымінальную справу супраць тых людзей, якія прыгнятаюць беларусаў і падрываюць наш суверэнітэт.

РР: Што ў гэтай сітуацыі можа Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі? Гучыць заява ад Кабінету, што варта дамагацца непрызнання гэтага закону. А якім чынам гэта можа адбыцца, ёсць нейкія міжнародныя метады ціску, якія ёсць рычагі ў АПКБ?

Валер Кавалеўскі: Ёсць міжнародныя структуры, арганізацыі, якія могуць ацэньваць законнасць падобных захадаў. Ёсць і палітычныя структуры, як, напрыклад, Еўрапейская камісія, якая можа прыняць такую заяву, ці ЗША або іншыя нацыянальныя ўрады, якія могуць сказаць, што гэта незаконна, мы гэта не прызнаем. Гэта будзе азначаць, што людзі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, у якіх на руках ёсць беларускія пашпарты, працягнуць заставацца беларускімі грамадзянамі, нягледзячы на тое, што заяўляе рэжым. Гэта з палітычнага пункту гледжання. З практычнага, гэта тое, што мы спрабуем палепшыць працэдуры для легалізацыі беларусаў па-за межамі краіны.

РР: Таксама гучала ад Паўла Латушкі пра адмысловы дакумент, які б выдаваў Пераходны кабінет. Зараз такі варыянт не разглядаецца?

Валер Кавалеўскі: Гэтая справа насамрэч хоць і складаная, але мы яе не адрынаем у бок. Займаемся, вывучаем магчымыя варыянты. Спадзяемся, што найбліжэйшым часам у нас могуць быць нейкія навіны на гэты конт. Што мы можам прапанаваць, як мы можам вырашаць гэтыя праблемы.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя