Валер Кавалеўскі: Рэжым стварае ўсё новыя рызыкі для сваіх грамадзянаў, якія выехалі за мяжу



Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.

РР: Сёння такая ў нас нагода для размовы. Выйшаў указ Аляксандра Лукашэнкі №278, які пазбавіць беларусаў магчымасці атрымліваць і абменьваць пашпарт Рэспублікі Беларусь па-за межамі Беларусі. Раней гэтым займаліся консульствы і амбасады ў розных краінах. Зараз яны кажуць, для таго, каб абмяняць свой пашпарт, трэба абавязкова прыехаць у Беларусь. Як вы пракаментуеце гэта?

Валер Кавалеўскі: Канешне, такое новае правіла стварае павышаную пагрозу для людзей, якія патрабуюць замену дакументаў, або атрымання новых дакументаў. Бо мы разумеем, што іх прыезд з замежжа ў Беларусь будзе звязаны з падвышанай рызыкай. У прынцыпе, рэжым з падазронасцю ставіцца да ўсіх людзей, якія выехалі з Беларусі. Асабліва да тых, якія выехалі пасля 2020 года, на фоне пратэстаў. Таму можна быць упэўненым у тым, што гэтых людзей будуць чакаць дадатковыя праверкі, ніяк не звязаныя з самім дакументам. Будуць іх правяраць на лаяльнасць, на магчымасць удзелу ў пратэстах. Таму трэба разумець, што гэты ўказ Лукашэнкі скіраваны менавіта на тое, каб абмежаваць магчымасці для беларусаў вырашаць свае праблемы за мяжой. Але таксама каб яны былі абсалютна не абароненыя ад рэжыму на тэрыторыі Беларусі.

(…)

РР: Калі мы з вамі мінулым разам размаўлялі пра канцэпцыю нацыянальнага пашпарта, вы агучылі, здаецца, лічбу ў 2000 беларусаў, якім трэба мяняць свае пашпарты. Хацелася б пачуць нейкія рэкамендацыі ад вас, як увогуле дзейнічаць у гэтай сітуацыі.

Валер Кавалеўскі: Найперш рэкамендацыя такая: свае дакументы трэба трымаць у парадку, дзе б мы не знаходзіліся – у Беларусі, ці за мяжой. На сённяшні дзень мы раім кожнаму, хто апынуўся за мяжой, дзе б вы не знаходзіліся, вывучайце нацыянальныя працэдуры па легалізацыі, па атрыманні адпаведных дакументаў, ці гэта можа быць від на жыхарства, ці пастаяннае жыхарства, ці пашпарты замежнікаў. Калі ў вас заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, то можна падаваць дакументы на міжнародную абарону і атрымліваць статус бежанца, ён прыносіць значную палёгку. Мы разумеем, што гэта займае час, гэта вымагае рэсурсаў, увагі, пільнасці. Але на сённяшнім этапе мы вельмі раім не ігнараваць магчымасці, каб вырашаць гэтыя праблемы ў тых краінах, з дапамогаю тых нацыянальных працэдур, якія існуюць там, дзе вы зараз жывяце.

Са свайго боку Аб’яднаны пераходны кабінет будзе працягваць рэалізоўваць праект нацыянальнага пашпарта Беларусі, для таго, каб мы ўжо маглі б яго запусціць. Я спадзяюся, што праз некалькі месяцаў у нас будуць ужо ўзоры гэтых дакументаў, якімі зможам скарыстацца для таго, каб пачаць кампанію па прызнанню. Практычна адначасова мы можам ужо запускаць і выдачу саміх дакументаў з тым разуменнем, што праз пэўны час яны могуць быць прызнаныя краінамі, напрыклад, у Еўразвязе, для таго, каб імі можна было карыстацца для паездак, атрымання візаў і г.д.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя