Валер Кавалеўскі: У Лукашэнкі кепская будучыня



„Адносіны Беларусі з варожай Расіяй мусяць змяніцца. Рэжым Лукашэнкі замешаны ў мностве злачынстваў і павінен несці адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці і за саўдзел у ваенных злачынствах ва Украіне” – такія словы прагучалі падчас выступу Святланы Ціханоўскай на слуханнях у Кангрэсе ЗША, куды Аб’яднаны пераходны кабінет здзейсніў сумесны візіт.

Вольга Сямашка пагутарыла з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерам Кавалеўскім пра вынікі ўсёй паездкі ў ЗША, далейшыя крокі Аб’яднанага пераходнага кабінета па вяртанні ў Беларусь і абароне дэмакратычных інтарэсаў беларускага народа на міжнароднай арэне, пра мажлівыя дыялог з афіцыйным Кіевам, ядзерныя пагрозы і будучыню Лукашэнкі на фоне вайны ва Украіне:

РР: Раскажыце калі ласка, як вас сустрэлі ў ЗША? Якія вашыя ўражанні ад паездкі?

Гэта ўжо трэцяя паездка Святланы Ціханоўскай менавіта ў Вашынгтон, чацвёртая ў Злучаныя Штаты. Таму гэта канешне ўжо не новая для Святланы Ціханоўскай краіна. Ад пачатку, ад яе першага візіту, у ліпені 2021 года, трэба адзначыць, што Злучаныя Штаты сустракаюць яе выдатна, яе добра ўспрымаюць палітыкі, медыя і эксперты. Дзе яна не з’яўляецца, дзе не падымае тэму Беларусі, трэба сказаць, што да яе стаўленне вельмі цёплае. Зразумела, што тут пытанне не толькі ў самой Святлане Ціханоўскай, а ў тым, што яна прадстаўляе беларускі народ, які змагаецца за свабоду. Усё гэта вельмі шчыра, вельмі адкрыта. Беларуская сітуацыя вельмі зразумелы кейс, а таму і прымаюць Святлану Ціханоўскую вельмі цёпла і на вельмі высокім узроўні.

РР: Як бы вы ацанілі той статус, з якім яе прымаюць? Як звяртаюцца?

Сапраўды, бываюць розныя формы звароту. Ёсць і такія, як спадарыня прэзідэнт, спадарыня прэзідэнт-элект, лідар дэмакратычных сіл Беларусі. Гэта канешне вельмі паважлівае стаўленне. Зноў жа, яно не толькі да яе асабіста, а і да беларускага народу.

РР: Быў агучаны стратэгічны дыялог. Ці можаце вы сказаць, што гэта азначае?

Насамрэч у нас кантакты пастаянна дагэтуль ідуць. Пытанне толькі ў тым, што трэба выбудаваць нейкую сістэму, каб у гэтым дыялогу ўдзельнічалі не толькі палітычныя сілы. Тут жа вядзецца не толькі пра палітычныя структуры, як Аб’яднаны пераходны кабінет ці Офіс Святланы Ціханоўскай, мы гаворым пра грамадзянскую супольнасць, каб яна таксама была далучаная да гэтай размовы. Зараз ранні этап, было заяўлена пра гатоўнасць да запуску стратэгічнага дыялогу з боку Злучаных Штатаў. Мы будзем сумесна з Дзярждэпартаментам выпрацоўваць фарматы, канцэпцыю ўсяго гэтага механізму. Але ідэя заключаецца ў тым, каб гэта была пастаянная, сістэмная, скаардынаваная праца. Каб мы імкнуліся да большай практычнасці, каб усе тыя палітычныя пазіцыі, якія мы чуем два з паловай гады, каб яны збольшага канвертаваліся ў практычныя крокі.

РР: Якія крокі мы ўжо можам вызначыць? Якія гэта могуць быць дзеянні?

Два такія самыя стратэгічныя крокі – гэта ціск на рэжым, дапамога людзям. Ціск на рэжым можа рабіцца праз розныя крыніцы, у розных формах. Гэта і палітычны ціск, дыпламатычная ізаляцыя, гэта супраца ў міжнародных арганізацыях, у АБСЕ ці ў Арганізацыі аб’яднаных нацый. Я нагадаю пра „Маскоўскі механізм”, які быў запушчаны як раз падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон. „Маскоўскі механізм” запускаецца ўжо другі раз датычна рэжыму Лукашэнкі з 2020 года. Ён збірае дадзеныя пра парушэнні правоў чалавека, сістэматызуе іх і выдае рэкамендацыі. Першы такі даклад быў зроблены ў 2020 годзе, ён быў выдатна падрыхтаваны, але ўжо прайшло шмат часу і кантэкст моцна змяніўся. Трэба ацаніць гэты кантэкст і паглядзець, што можна зрабіць па-іншаму, якія яшчэ могуць быць рэкамендацыі. Зараз мы вядзём кампанію супраць кампанію супраць кандыдатуры Лукашэнкі ў Раду бяспекі ААН, каб не дапусціць яго абрання. Нам трэба супольна дзейнічаць, мы кансультуемся вельмі шмат. Частка працы вядзецца менавіта пераходным кабінетам, але мы таксама разлічваем на дапамогу нашых партнёраў са Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, а таксам краін, якія ўваходзяць у Раду бяспекі ААН. Калі казаць пра дапамогу, то гэта ўжо другі стратэгічны крок. Кажам пра грамадзянскую супольнасць, кажам пра фінансавую дапамогу, што вельмі важна, для праваабароны, для медыяў, для структур грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца вельмі шырокім спектрам задач – ад дамашняга гвалту да экалогіі. Мы бачым, што нягледзячы на рэпрэсіі Лукашэнкі грамадзянская супольнасць сябе захавала і застаецца жывым, моцным арганізмам, які таксама ўдзельнічае ў тым, каб прынесці перамены ў Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя