Валер Мінец: Трэба выкарыстаць магчымасць размаўляць з людзьмі
У Гародні па 49-й выбарчай акрузе балатуецца прадстаўнік партыі БНФ Валер Мінец. Ён – лідскі грамадскі актывіст, беларускі нацыяналіст, які бачыць сваю краіну, як супольнасць вольных і актыўных людзей.
„Выбары – гэта гульня ўлады, у якую ўцягнулі і апазіцыю,” – мяркуюць многія беларусы. Кандыдат ад партыі БНФ адказвае, чаму ён ў такіх варунках усё ж змагаецца за месца дэпутата.
– Усё палітычнае поле нашай краіны выпалена ўшчэнт. І незалежна ад таго, прыйдзе выбаршчык галасаваць ці не прыйдзе , галачку за яго, безумоўна, паставяць. Таму варыянт байкоту выбараў не можа адбыцца. Хай, насамрэч, прыйдзе 10% ад спісаў выбаршчыкаў, усё роўна гэтыя выбары адбудуцца. Але ў такім выпадку мы губляем магчымасць размаўляць з людзьмі.
Радыёвыступ кандыдата па Гарадзенскай-Занёманскай акрузе №49 ад партыі БНФ будзе гучаць па абласным радыё 26-га жніўня, а 7-й гадзіне раніцы. А таксама слухайце гутарку з ім у вечаровым эфіры Беларускага Радыё Рацыя.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара