Валерый Карбалевіч: Што ў каго баліць, той пра тое і гаворыць



Аляксандр Лукашэнка занепакоены падзеямі ў Венесуэле. Кіраўнік Беларусі падчас святочных мерапрыемстваў на Дзень Перамогі пракаментаваў падзеі ў лаціна-амерыканскай краіне.

„Нас немагчыма нахіліць і зрынуць, як сёння гэта адбываецца ў Венесуэле”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прыгадаў, што „у 2010 годзе была апошняя акцыя, дзе нас ужо паспрабавалі скінуць. Памятаеце штурм Дома ўрада. Да рэзідэнцыі прэзідэнта пабаяліся падысці”.

І гэта тыпова для Лукашэнка, заўважыў у нашым эфіры палітычны аналітык Валерый Карбалевіч, кіраўнік дзяржавы ўвесь час баіцца згубіць уладу:

– Лукашэнка, перад якой бы аўдыторыяй ён не выступаў, з якой бы нагоды ён не выступаў, заўсёды думае пра адно і тое ж – пра сваю ўладу. З улікам таго, што ён заўсёды прагаворвае тое, што думае, з’явілася такая дзіўная сітуацыя, калі ў Дзень Перамогі, калі здавалася б трэба гаварыць зусім пра іншае – пра перамогу, раптам загаварыў пра тое, што яго ўладу хацелі скінуць. Што ў каго баліць, той пра тое і гаворыць.

Але паводле Аляксандра Лукашэнкі, толькі праз адзінства беларускага народа пратэстныя настроі ў краіне, якія маглі хутка павярнуцца сутыкненнямі, атрымалася своечасова спыніць. Таксама па словах кіраўніка, у Беларусі – няма больш ніякай небяспекі, акрамя эканомікі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя