Валерый Карбалевіч: Створаная інфраструктура пратэсту
Два дзясяткі затрыманых як вынік нядзельных лакальных дваровых акцый пратэсту ў Менску ды іншых гарадах. Telegram-канал «Списки задержанных» падае лічбу 23 чалавекі. Пераважна затрымлівалі ў сталіцы, але,, напрыклад, у нядзелю ў Берасці 11-ы раз затрымалі пенсіянерку, 63-гадовую актывістку Алену Гнаўк. Яе адпусцілі з пастарунку.
Пратэст не скончыўся, як спяшаюцца гэта аб’явіць дзяржаўныя медыя і чыноўнікі, бо не вырашаная галоўная праблема, – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. Па другое, на думку палітолага, – створаная інфраструктура пратэсту, суполкі людзей, якія падтрымліваюць кантакты на лакальным узроўні – грамадзянская супольнасць, якую лёгка актывізаваць:
– Нават калі пэўны час гэтая хваля пратэсту пойдзе на спад, зараз відавочна, што пайшла на спад па зразумелых прычынах, не думаю, што не прыйдзе час, што гэтая інфраструктура спрацуе, і тая хваля зноў пойдзе на пад’ём. Гэтая інфраструктура дае магчымасць вельмі хутка, лёгка і проста мабілізаваць людзей на пратэст. Падаецца, гэта галоўны вынік гэтага года і вынік беларускага пратэсту.
У Беларусі прайшлі традыцыйныя нядзельныя шэсці. На гэтым тыдні людзі ў самых розных гарадах і мястэчках Беларусі шпацыравалі па сваіх раёнах на знак пратэсту з фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў. Некаторыя сталічныя раёны выходзілі на шпацыр некалькі разоў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя