Валерый Карбалевіч: Выбіраць адзінага кандыдата будзе апазіцыйны актыў



Выбіраць адзінага кандыдата будзе апазіцыйны актыў – усім астатнім прапануюць пагуляцца ў палітыку. Так пра беларускі праймерыз, кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

Сярод мэтаў, якія перад працэдурай ставілі прадстаўнікі апазіцыі – прыцягнуць у колы апазіцыі больш людзей. Цэлы працэс беларускага праймерыз дапускае простых беларусаў толькі пры галасаванні праз інтэрнэт, заўважае Валерый Карбалевіч. А выглядае, што выбіраць адзінага кандыдата будуць пераважна палітычна заангажаваныя актывісты, кажа аналітык.

– Адзіным механізмам ангажыравання простых людзей з’яўляецца галасаванне ў інтэрнэце. Праблема ў тым, што толькі траціна галасоў дае вось гэтае інтэрнэт-галасаванне. Усе астатнія 70 балаў даюць іншыя варыянты – Кангрэс, сустрэчы з насельніцтвам на сходах, а гэта таксама будуць сходы актывістаў… То-бок, для грамадства выдзелена толькі трэць галасоў, што трохі дзіўна. Гэта, мне падаецца, галоўная праблема.

Пяць апазіцыйных партый напярэдадні заявілі, што дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Выбары кандыдатуры пройдуць праз праймерыз, які мае досыць складаную сістэму. Кандыдаты будуць набіраць балы: галасаванне падчас паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасаванне ў інтэрнэце (30 балаў), галасаванне на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі размяркуюць паміж удзельнікамі структуры, якія арганізуюць працэдуру.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя