Валер Кавалеўскі: Лукашэнка перакідае з вельмі хворай галавы на здаровую



«Лукашэнка перакідае з вельмі хворай галавы на здаровую, ён абраў тактыку адцягвання ўвагі ад унутраных праблем і засяроджвае гэтую ўвагу на неіснуючых праблемах», – так дарадца па міжнародных справах штаба Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пракаментаваў рэзкія заявы кіраўніка Беларусі, скіраваныя ў бок Польшчы.

 

– Польшча не з’яўляецца нам ніякім ворагам, не вядзе ніякую падрыўную дзейнасць у Беларусі. Таксама як і польская меншасць у Беларусі з’яўляецца абсалютна нармальнай часткай грамадства, якая рэалізуе свае правы на адукацыю, на развіццё ў рамках заканадаўства. І гэта тое, што мусіць дзяржава гарантаваць,  – выканання гэтых правоў. Тое, што робіць Лукашэнка, – ён стварае вобраз ворага з Польшчы. Гэта вельмі небяспечна, гэта вельмі недарэчна таксама, таму што палякі – блізкі нам народ, Польшча – нам блізкая дзяржава, наш сусед, з якім мы ў першую чаргу павінны выбудоўваць нармальныя, добразычлівыя адносіны.

Як дадае Валер Кавалеўскі, знішчаючы стасункі з Польшчай, Лукашэнка тым самым робіць крокі насустрач Расеі:

– Гэта відавочна, што разгойдвае яго знутры. Сёння ён прысвяціў шмат увагі знешняй палітыцы, і Польшча стала адным з такіх галоўных пунктаў парадку дня. Гэта ў пэўным сэнсе рэверанс у бок Расеі. Адносіны з Польшчай заўжды з’яўляліся такой балючай кропкай, дзе шмат супярэчанняў, шмат канфліктаў. Я думаю, што такім чынам Лукашэнка імкнецца задаволіць нейкія патаемныя інтарэсы і зацікаўленасць у Крамлі, калі ён разбурае адносіны з Польшчай.

Таксама, па словах Валера Кавалеўскага, штаб Святланы Ціханоўскай адрэагуе на заявы Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі сёння абвінаваціў Польшчу ў непрызнанні беларускіх выбараў, падтрымцы «збеглых» з Беларусі і іх кампаній ды, з яго слоў, экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў. Не падабаюцца Лукашэнку і санкцыі, а перапоўнілі яго чашу цярпення «непрыхаваныя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў».

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя