Валерый Кавалеўскі: Лукашэнка вельмі няўпэўнена сябе адчувае
Мэтанакіраваная і акцэнтаваная атака на незалежныя СМІ. Так офіс Святланы Ціханоўскай ацэньвае сітуацыю з парталам TUT.BY.
Пра гэта ў нашым эфіры заявіў кіраўнік яе кабінету Валер Кавалеўскі. Напярэдадні ў Вільні прайшла акцыя салідарнасці з буйнейшым інфармацыйным парталам Беларусі, які атакавалі сілавікі. Удзельнічалі прадстаўнікі офісу, сярод якіх Валерый Кавалеўскі. Ён лічыць недапушчальным атакаваць незалежныя СМІ з пункту гледзішча сучаснай дзяржавы.
РР: Вы былі на акцыі з TUT.BY у Вільні. Навошта?
– Важна было падтрымаць TUT.BY і ўсіх журналістаў. Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, гэта такая мэтанакіраваная, акцэнтаваная атака супраць незалежных медыя. Гэта абсалютна недапушчальна з пункту гледжання сучаснай дзяржавы, бо незалежныя медыя, моцныя медыя, упэўненыя медыя вельмі важныя для таго, каб эфектыўна кіраваць краінай. Людзі, грамадства і юрыдычныя асобы, эканамічныя суб’екты, ім вельмі патрэбная гэтая інфармацыя, пра тое, што робіцца ў краіне. Патрэбныя розныя пункты гледжання. Калі ў краіне няма такой інфармацыі, то краіна канешне значна слабейшая. З нашага пункту гледжання, хоць рэжым і зрабіў гэты зламысны крок, думаючы, што яны сябе ўмацоўваюць, насамрэч яны аслабляюць сябе яшчэ больш.
РР: Навошта далей развіваецца гэты махавік рэпрэсіяў?
– Відавочна, што ўлада і Лукашэнка на чале яе, не ўпэўненыя ў тым, што перамога дасягнутая. Што грамадства стала пад кантроль. Таму вось гэтыя захады супраць незалежных медыя і грамадскай супольнасці, але таксама супраць звычайных жыхароў Беларусі, якія могуць выказваць свой пратэст, сваё меркаванне нейкімі абсалютна мірнымі спосабамі, вось гэтая рэакцыя на нармальныя паводзіны людзей, яна паказвае няўпэўненасць, яна паказвае безабароннасць рэжыму перад грамадскім ціскам. Людзі не здаюцца нягледзячы на гэтыя рэпрэсіі. Людзі працягваюць настойваць на тым, што змены павінны ў Беларусі адбыцца. Лукашэнка гэта бачыць, адчувае і вельмі няўпэўнена сябе адчувае.
Кацярына Шульман у эфіры „Эха Масквы” пракаментавала сітуацыю вакол TUT.BY:
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Раней Святлана Ціханоўская апублікавала заяву ў сувязі з атакай сілавікоў на TUT.BY. Яна паведаміла, што каманда трымае сувязь з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен „Мы патрабуем неадкладнай рэакцыі ЕЗ”, сказала лідар дэмакратычнай супольнасці.
Нагадаем, у офісы TUT.BY і hoster.by, а таксама да рэдактараў і журналістаў выдання прыйшлі сілавікі. КДК паведаміў, што пачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК („Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры”). Дамен парталу заблакаваны.
Беларускае Радыё Рацыя