Валерый Сахашчык: Мы не павінны страляць адзін у аднаго
Супраць прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка пачалі крымінальную справу за стварэнне „экстрэмісцкага фармавання” „Паспалітае рушэнне”.
„Атрымліваць пытанні і пагрозы ў свой бок – для мяне справа звыклая”, – кажа Валерый Сахашчык:
– Мяне перыядычна папярэджваюць, што па мяне ўжо паехалі, што ўжо ў Польшчы знаходзіцца брыгада, якая павінна мяне ліквідаваць. Я грубы жаўнерскі жарт прывяду на гэтую тэму: „Каму наканавана памерці ад паносу, той на міне не падарвецца”. Я маю пэўны досвед і думаю, што ў стане забяспечыць сабе нейкую базавую бяспеку. Паглядзім, што атрымаецца. Прыехаў чалавек, з якім я даўно знаёмы, з якім нас звязвае, можна сказаць нават сяброўства. Не стаў хаваць, а сказаў адразу, што прыехаў па просьбе, ёсць такія і такія пытанні ў адносінах да маёй „тэрарыстычнай дзейнасці”, „здрады радзіме” ды іншае. Я адказаў чалавеку на ўсе пытанні, што тое, што яны лічаць здрадай радзіме, на самой справе звычайная грамадзянская пазіцыя. Я нашмат большы дзяржаўнік, чым людзі, якія задавалі гэтыя пытанні. То бок я ўпэўнены на 100%, што пасля змен у Беларусі я проста падам у суд на людзей, якія заяўлялі, што я здрадзіў радзіме ці камусьці здрадзіў, і дакладна гэты суд выйграю па артыкуле абраза і нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі. Тое, што „тэрарызмам” нейкім займаюся, таксама адказаў на ўсе пытанні. Я жыву ў краіне, дзе немагчыма гэтым займацца, мяне б імгненна спынілі адпаведныя службы краіны прыбывання. Па-другое, я ўжо здаецца выказваў сваю базавую думку пра тое, што ніводная самая добрая справа ніколі не скончыцца нічым добрым, калі пачынаецца з беззаконня і кровапраліцця. Бачым кучы прыкладаў гэтаму. Таму калі мы марым пра будучую вольную і дэмакратычную Беларусь, якую будуць паважаць усе краіны ў свеце, якая прэтэндуе на добрую будучыню, мы не маем права пачынаць з тэрарызму, кровапраліцця, бандытызму і г.д. Так, законны шлях найбольш складаны, найбольш доўгі, але мы абавязаныя па яму прайсці, у нас няма іншых шанцаў. Я ўпэўнены, што можна абысціся без грамадзянскай вайны ўжо таму, што я маю даволі шырокае кола знаёмстваў з беларускімі вайскоўцамі. Я ведаю, што ў іх у галовах, у большасці з іх. Я ўпэўнены, што большасць беларускіх афіцэраў і жаўнераў адэкватныя і разумныя людзі. Мы адна нацыя, мы адзін народ, нам няма чаго дзяліць і мы не павінны страляць адзін у аднаго.
Валерый Сахашчык падкрэсліў, што створаная ва Украіне вайсковая частка пасля завяршэння вайны на беларускую тэрыторыю не пойдзе.
Беларускае Радыё Рацыя