Валерый Цапкала хацеў бы палепшыць адносіны Беларусі і ЗША



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Валерый Цапкала хацеў бы палепшыць адносіны Беларусі са Злучанымі Штатамі. Пра гэта экс-пасол Беларусі ў ЗША заявіў падчас сустрэчы ў Гародні 23 мая з членамі сваёй ініцыятыўнай групы, якая пачынае збор подпісаў за яго вылучэнне. На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты, ураджэнца Гародкі, прыйшло больш за 30 чалавек.

Паводле слоў былога дыпламата, цяпер з боку ЗША ў дачыненні да Беларусі дзейнічае мноства санкцый. Палітык адзначыў, што за 10-12 гадоў, калі ён кіраваў Паркам высокіх тэхналогій (з 2005 па 2017 гады. – БелаПАН.), Беларусь экспартавала ў Амерыку на 1 мільярд долараў больш IT-паслуг, чым да гэтага. Ён хацеў бы дамагчыся такіх жа поспехаў у іншых сферах, у тым ліку прамысловасці.

«Самае вялікае мастацтва, у тым ліку ў знешняй палітыцы, – гэта ўменне сябраваць з усімі», – адзначыў Цапкала.

Ён коратка выклаў сваю біяграфію, адзначыўшы, што ў яго добрыя міжнародныя адносіны, а прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан – яго блізкі сябар.

Цапкала ўспомніў свой вопыт стварэння Парку высокіх тэхналогій, на які, паводле яго слоў, «не ўзяў ні капейкі з бюджэту». Паводле яго слоў, беларусы павінны зарабляць больш за 500 долараў, тады ім будзе ўсё роўна, ці працуюць яны ў Wargaming або ў «другасчармеце».

«Мы працягваем будаваць трактары. Спачатку яны цалкам запоўнілі тэрыторыю Менскага трактарнага завода, затым сталі ўздоўж магістралі, затым пачалі выстройвацца ўздоўж Менскай кальцавой аўтадарогі. І гэта замарожаныя грошы, якія вы не атрымалі ў выглядзе зарплаты», – адзначыў Цапкала, кажучы пра неабходнасць мадэрнізаваць беларускія прадпрыемствы.

Цапкала заявіў пра неабходнасць пераменаў у краіне, каб беларусы не марылі зʼехаць жыць за мяжу, і прывёў у прыклад паспяховае развіццё Кітая, ЗША, еўрапейскіх і іншых краін, у тым ліку параўноўваючы не на карысць Беларусі іх рэакцыю на крызіс у сувязі з каронавіруснай інфекцыяй.

На пытанне аднаго з удзельнікаў сустрэчы аб падліку галасоў на выбарах, патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта адказаў, што фальсіфікацыя вынікаў галасавання зʼяўляецца дзяржаўнай здрадай. «Я спадзяюся, што настаўнікі перастануць баяцца і адчуюць сябе грамадзянамі», – сказаў ён пра асноўных удзельнікаў працэсу падліку галасоў.

На пытанне іншага ўдзельніка сустрэчы аб тым, што, магчыма, пара пачаць адкрыта крытыкаваць уладу, так як выступы Цапкалы здаліся ўдзельніку сустрэчы «рафінавана-ванільнымі», палітык сказаў, што не бачыць сэнсу ў крытыцы ўлады. Ён паўтарыў сваю ранейшую пазіцыю, што «трэба проста перавярнуць старонку гісторыі».

Адказваючы на пытанне, ці павінна Беларусь больш інтэгравацца ў Заходнюю Еўропу або павярнуцца тварам да Расейскай Федэрацыі, Цапкала адказаў, што супраць дылемы або-або, а за варыянт і-і.

БелаПАН