Валерый Цапкала: Мы будзем змагацца за кожны подпіс
„Мы будзем змагацца за кожны подпіс”, — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Валерый Цапкала на сваёй старонцы ў „Твітэры”. Інструкцыі, якім чынам гэта будзе адбывацца, ён паабяцаў паведаміць сёння.
30 чэрвеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў апублікавала звесткі аб колькасці прызнаных сапраўднымі подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогій, былога пасла ў ЗША Валерыя Цапкалы іх аказалася 75.249 пры неабходных 100 тыс. Раней палітык паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 200 тыс. подпісаў, а ў выбарчыя камісіі здадзена 160 тыс.
Каментуючы дадзеныя ЦВК, прэс-сакратар Цапкалы Аляксей Урбан заявіў: „Вядома, мы абавязкова будзем абскарджваць. Мы здавацца або спыняцца не збіраемся”.
У той жа час у двух прэтэндэнтаў, старшыні партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” (БСДГ) Сяргея Чэрачня і дэпутата Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Ганны Канапацкай, подпісаў аказалася больш, чым яны дэкларавалі: 143,1 тыс. замест 106,5 тыс. і 146,6 тыс. замест 110 тыс. адпаведна.
Прэс-сакратар Чэрачня Алег Чумакоў пацвердзіў БелаПАН першапачатковую лічбу. На просьбу растлумачыць розніцу ён заявіў: „Гэта ўжо не да нас пытанне”. Прэс-сакратар Канапацкай Таццяна Палякова патлумачыла, што 110 тыс. — гэта толькі тыя подпісы, якія прэтэндэнт здала сама ў сталічныя выбаркамы, яшчэ былі подпісы, здадзеныя каардынатарамі ініцыятыўнай групы.
16 чэрвеня, за тры дні да заканчэння збору подпісаў, Канапацкая напісала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”: „Пакуль бачым, што будзе крыху больш за 110 000, але гэтага і дастаткова для праходжання ў наступны этап. Мне хапае. Я — не брутальны алень, які трасе россыпам з сотняў тысяч подпісаў на галінастых рагах, спрабуючы запалохаць імі яшчэ больш мацёрага” (магчымы намёк на Віктара Бабарыку, які планаваў сабраць 1 млн подпісаў). Адразу пасля гэтага Канапацкая дадала: „Хоць жыццё падкідвае нечаканыя прыемныя сюрпрызы”.