Валерый Цапкала: Мы павінны прадэманстраваць сваю нязгоду
“Мы ўсё ж такі павінны выйсці і прадэманстраваць сваю нязгоду з поўным ігнараваннем волі беларускага народу”, — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Валерый Цапкала ў відэазвароце, які ён запісаў пасля рашэння ЦВК не рэгістраваць яго і Віктара Бабарыку кандыдатамі ў прэзідэнты.
“Мы павінны прадэманстраваць сваю нязгоду з тым, як крадуцца нашы галасы, як праходзіць маніпуляцыя нашымі галасамі”, — заклікаў Цапкала. Ён прапанаваў “проста выйсці на вуліцы, праспект Незалежнасці і стаць у чаргу на аўтобусных прыпынках”:
– Давайце мы таксама не будзем проста ляжаць на канапах. Не будзем проста глядзець тэлевізар. А знойдзем гадзіну-другую часу для таго, каб устаць і паглядзець на твары тых беларускіх хлопцаў і дзяўчат, якія сёння хочуць бачыць Рэспубліку Беларусь іншай краінай.
На яго думку, улада паказала, “як яна ўжо сёння падробіць вынікі выбараў 9 жніўня”. “І калі мы не выйдзем на плошчу, калі мы не выйдзем на вуліцы, калі мы не будзем выходзіць пастаянна, рэгулярна, гэтая маніпуляцыя будзе працягвацца. Тое ж самае ўлада зробіць і праз пяць гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 10 гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 15 гадоў, тое ж самае яна зробіць і праз 20 гадоў. І яна будзе гэта рабіць да таго часу, пакуль мы не выкажам салідарнасць, пакуль мы не пакажам, на што мы здольныя”, — перакананы Цапкала.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота dev.by