Валерый Ухналёў: Адчуваецца абыякавасць людзей да выбараў



“Сабраць 100 тысяч подпісаў будзе надзвычай складана”, – мяркуе Валерый Ухналёў – кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Калякіна.

Сёння ініцыятыўная група Сяргея Калякіна падводзіць папярэднія вынікі першых чатырох дзён збору подпісаў.

Валерый Ухналёў: Насельніцтва пакуль слаба ўключаецца ў працэс пад назвай “прэзідэнцкая кампанія”, а ў першыя два дні, калі распачаўся збор подпісаў, і наогул адчувалася нейкая пасіўнасць. Толькі пасля таго, як па ТВ пайшла сацыяльная рэклама, адчулася некаторае абуджэнне. А ўвогуле, калі сітуацыя нейкім чынам не зменіцца, я вельмі сумняваюся, што ўсе ініцыятыўныя групы спакойна збяруць 100 тысяч подпісаў. Гэта вельмі і вельмі складана.

РР: Гэта ў першую чаргу звязана з апалітычнасцю народу ці тым, што людзі зараз у адпачынках?

Валерый Ухналёў: Адчуваецца абыякавасць людзей да выбараў. Тыя, хто лічаць, што выбараў няма, не хочуць у гэтым нават і ўдзельнічаць (і такіх даволі шмат). А некаторыя вызначыліся, за каго будуць галасаваць, а таму зараз таксама не хочуць марнаваць час на тое, каб пакінуць подпіс за кагосьці. Адным словам, народ пакуль спіць.

РР: Як ставяцца людзі да апазіцыйных прэтэндэнтаў?

Валерый Ухналёў: Па вялікаму рахунку, нармальна. Некаторыя, напрыклад, падпісваюцца за Лукашэнку, а затым ставяць подпіс і за Калякіна. Ідуць дыскусіі, народ выказваецца “за” і “супраць”. Але, паўтаруся, сабраць 100 тысяч будзе неверагодна складана. Не паверу, калі нехта будзе распавядаць, што збор такой колькасці подпісаў – не праблема.

Кастусь Забллоцкі, Беларускае Радыё Рацыя