Валянцін Стэфановіч: 102 палітвязні – гэта не канчатковая лічба



Зараз палітзняволенымі ў Беларусі прызнаныя 102 чалавекі. Але гэта не канчатковая лічба, – кажа праваабаронца, юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Ён нагадвае, што генеральны прокурор Беларусі Андрэй Швед агучыў лічбу 400 крымінальных спраў, пачатых за парушэнне грамадскага парадку:

– Я так разумею, маюцца на ўвазе крымінальныя справы, узбуджаныя ў перыяд пасля 9 жніўня. Таму гэта азначае, што мы яшчэ шмат каго не ведаем. І пераслед гэты набыў катастрафічныя памеры. Шмат людзей у турмах знаходзіцца.

А тое, што некалькі чалавек вызваленыя з СІЗА КДБ пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, то перавод пад хатні арышт нельга лічыць вызваленнем.  Таму што людзі ўсё-такі знаходзяцца ва ўмовах несвабоды. Таму хатні арышт мы ацэньваем як увязненне і лічым і надалей гэтых людзей палітзняволенымі, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Беларускае Радыё Рацыя