Валянцін Стэфановіч абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтра “Вясна” абраны адным з віцэ-прэзідэнтаў на 40-м Сусветным кангрэсе Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), які праходзіць у гэтыя дні на Тайвані.
Валянцін Стэфановіч, фота ПЦ „Вясна”
Такая падзея вельмі значная для праваабаронцаў, кажа старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі:
– Для нас, для Беларусі, канешне, гэта вельмі важны інтрумент данясення тых праблем, якія ёсць у Беларусі з правамі чалавека, да міжнароднай супольнасці. І гэта ёсць пэўным прызнаннем той актыўнай пазіцыі і таго ўнёска ў праваабарончую справу, якую ўкладае Праваабарончы цэнтр “Вясна” і ў Беларусі, і за межамі Беларусі.
Алесь Бяляцкі
Гэтая падзея таксама з’яўляецца і ясным сігналам для беларускіх уладаў, лічыць Алесь Бяляцкі:
– Сітуацыя з нерэгістрацыяй “Вясны” ў Беларусі – ненармальная. Нас прызнаюць за партнёра, нас абіраюць у кіроўныя органы міжнародных праваабарончых арганізацый. І ў той жа час мы не маем рэгістрыці ў Беларусі.
На сусветным кангрэсе Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека віцэ-прэзідэнты абіраюцца па рэгіёнах. Беларусь уваходзіць у рэгіён Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Акрамя Валянціна Стэфановіча, на гэтую пасаду абраны яшчэ два прадстаўнікі: Артак Кіракасян (Арменія), Талекан Ісмаілава (Кыргыстан).
Беларускае Радыё Рацыя, Менск