Валянцін Стэфановіч: Беларусь не выканала асноўныя рэкамендацыі АБСЕ



Кіраўнік Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі лічыць, што беларускім уладам не ўдасцца дамагчыся прызнання сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў з боку міжнароднай супольнасці свабоднымі і дэмакратычнымі. Яго намеснік Валянцін Стэфановіч, які разам са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай удзельнічаў у канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай выбарам, кажа, што ніякіх сігналаў аб прызнанні ён у Вене не пачуў, але гэта вельмі праўдападобна, паколькі Беларусь не выканала ніводнай істотнай рэкамендацыі АБСЕ:

– Я падкрэсліў, што, на жаль, самая асноўная рэкамендацыя АБСЕ, датычная падліку галасоў, не імплементаваная. БДІЧ АБСЕ назірае за выбарамі ў Беларусі ўжо даўно, і там добра ведаюць, на якія моманты трэба звяртаць увагу. І я думаю, што ацэнка будзе адбывацца вядома ж бесстаронняя, і вядома ж ацэньваць будуць выключна з пункту гледжання таго, на колькі працэдура адпавядае прынцыпам і стандартам правядзення стандарных і дэмакратычных выбараў.

Раней Валянцін Стэфановіч назваў 6 прычын, дзеля якіх выбары ў Беларусі не могуць быць прызнаныя ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі. Акрамя самога падліку галасоў ён лічыць вельмі спрыяльнай для фальсіфікацыі практыку датэрміновага галасавання, а таксама падбор сваіх, праўладных людзей у выбарчыя камісіі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя