Валянцін Стэфановіч: Амністыя не распаўсюджваецца на палітвязняў (абноўлена)



28-га траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон „Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Закон набудзе моц з дня яго афіцыйнага апублікавання, падлягае выкананню на працягу шасці месяцаў, а пад амністыю маюць патрапіць больш як 8,5 тысяч асуджаных.

Аднак на думку намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, амністыя не распаўсюджваецца на ніводнага з палітычных зняволеных:

Амністыя не распаўсюдзіцца на палітычных зняволеных. Альбо іх артыкулы не трапляюць пад вызначаныя артыкулы пад амністыю, альбо ў адносінах да палітзняволеных адміністрацыяй усталяваны статус злосных парушальнікаў рэжыму – і на такіх асобаў амністыя не распаўсюджваецца. Адносна Рубцова, які быццам бы “здзейсніў злачыства падчас адбывання пакарання”, тым больш не будзе распаўсюджвацца амністыя. 

Cёлетняя амністыя – 14-ая па ліку за гады незалежнасці Беларусі з 1991-га году. Летась яна была прымеркаваная да 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Ніякіх станоўчых зрухаў вакол праблемы беларускіх палітычных зняволеных у апоші час не адбылося.

“Спадзяванні, што беларускія ўлады зробяць прыгожы жэст і вызваляць некага з іх да Рыжскага саміту „Усходняга партнёрства” не спраўдзіліся. Наадварот, ціск на палітвязняў моцна ўзрос”, – кажа намеснік старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– На працягу траўня мы назіралі некалькі судовых працэсаў. У адносінах Статкевіча, якому замянілі рэжым зноў на турэмны, ён праз тры месяцы вярнуўся зноў ў тую камеру, з якой яго толькі што перавялі ў калонію. Аліневіч знаходзіўся ў ШЫЗА. Юрыя Рубцова будуць судзіць 28-га траўня, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым улады працягваюць сваю адвечнуб песню, што ў нас няма палітычных зняволеных.

Але пры гэтым яны прызнаюць, што гэтае быццам не існуючае пытанне з’яўляецца пэўнай перашкодай збліжэння Беларусі і Захаду ў перамоўным працэсе.

„І тут відавочная супярэчнась: праблемы няма, але яна з’яўляецца перашкодай. Так не бывае”, – падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.

Па меркаванню праваабаронцы, гэтая ўпартасць уладаў звязана з  прэзідэнцкімі выбарамі і боязню, што вызваленне палітычных апанентаў рэжыма грамадства можа ўспрыняць, як яго слабасць.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч лічыць, што беларускія ўлады не пойдуць у бліжэйшы час на вызваленне палітычных зняволеных.

Паказальнай з’яўляецца апошняя справа палітвязня Мікалая Дзядка, які ўжо фактычна адбыў папярэдні тэрмін пакарання, але быў зноў асуджаны на 1 год і 3 дні зняволення за некалькі дзён да выхаду з турмы, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням яе адміністрацыі. Гэта выглядае вельмі дэманстратыўна з боку беларускіх уладаў, – лічыць праваабаронца.

– Асуджэнне Дзядка, а я нагадаю, было яно на фоне ўсіх гэтых візітаў замежных высокапастаўленых чыноўнікаў у Беларусь. Мне падаецца, асуджэнне было не выпадковым, паколькі ў нейкім сэнсе з’яўляецца сігналам беларускіх уладаў адносна таго, што пытанне палітычных зняволеных яны вырашаць, прынамсі ў хуткім часе, не збіраюцца. Таму што задачы па захаванні стабільнасці, недапушчэння стабілізацыі значана больш важныя для ўладаў, чым стасункі з Захадам.

„Хацелася б памыліцца, але іншыя палітычныя зняволеныя таксама наўрад ці могуць разлічваць на хуткае вызваленне”, – кажа Стэфановіч. „Задача беларускага МЗС заключаецца ў тым, каб Захад прыняў Беларусь такой, якой яна ёсць, без усялякіх умоваў і павучэнняў. Пазіцыя афіцыйнага Менску адносна падзеяў ва Украіне паспяхова канверціруецца не толькі ўнутры Беларусі, сярод яе грамадзянаў, якія жадаюць захавання стабільнасці, але і на Захадзе. І мы гэта бачым,” – лічыць Валянцін Стэфановіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя