Валянцін Стэфановіч: Наша краіна даволі выбарачна супрацоўнічае з ААН



Грамадзянская супольнасць падрыхтавала амаль 50 рэкамендацый уладзе па паляпшэнні сітуацыі з правамі і свабодамі чалавек.

Вядома, што беларуская ўлада не прыслухоўваецца і не рэагуе на парады праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў. Але ў выпадку працэдуры ўніверсальнага перыядычнага агляду сітуацыя іншая – афіцыйны Менск дзеля міжнароднай рэпутацыі вымушаны прымаць рэкамендацыі, што будуць ухваленыя сябрамі ААН.

Паводле намесніка старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, у праваабаронцаў застаецца ці не адзіная магчымасць уплыву на ўлады – працэдура Універсальнага перыядычнага агляду ААН.

 – Гэта адна з нешматлікіх працэдур, якая прызнаецца Беларуссю, па якой яна гатовая ўзаемадзейнічаць. Наша краіна даволі выбарачна супрацоўнічае з ААН. Для нас вельмі важна прасоўваць інтарэсы, якія маем мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі. Таму мы актыўна ўдзельнічаем у гэтай працэдуры.

48 рэкамендацый ад беларускага трэцяга сектару тычацца ўсіх сфераў жыцця грамадзяніна – ад свабоды прэсы да правоў меншасцяў.

Рэкамендацыі будуць прадстаўленыя 4 траўня на сесіі Рады па правах чалавека ў Жэневе.

Беларускае Радыё Рацыя