Валянцін Стэфановіч: Людзей адвучваюць, што ад іх нешта залежыць
Выбарчы працэс у Беларусі, на думку праваабаронцаў, недэмакратычны і непразрысты.
Тым не менш, як паведамляе Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, болей за 70% беларусаў гатовыя прыняць удзел у галасаванні на будучых прэзідэнцкіх выбарах.
„Грамадзяне прызвычаіліся, што ёсць адзін кіраўнік дзяржавы, які балатуецца ўжо пяты раз, і што так павінна быць. У гэтым віна сістэмы, якая існуе ў Рэспубліцы Беларусь”, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
У Савецкім Саюза таксама асабліва ніхто не задумваўся, калі ішоў на выбары, чаму ён туды ідзе і за каго ён там галасуе. Там было весела – быў буфет, іграў аркестр. Тады яны не маглі напэўна не пайсці, бо тая сістэма была іншая – больш жорсткая. Я б сказаў, што гэтая ўся сістэма адвучвае людзей ад выбараў, у прынцыпе, ад разумення, што такое выбары, разумення таго, што ад іх нешта залежыць. Людзі лічаць, што ад іх нічога не залежыць – ці пойдуць яны на гэтыя выбары, ці не пойдуць яны на гэтыя выбары. Сказала ім начальства ісці, ну пойдзем, што нам ад гэтага – ні горача, ні халодна.
Праз год пасля выбраў людзі не ў змозе сказаць, за каго яны галасавалі. Праваабаронца прыводзіць прыклад, што апытаныя ў 2011-м годзе грамадзяне называлі прозвішча лідара Руху „За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, які на выбарах 2010-га года не балатаваўся.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя