Валянцін Стэфановіч: Назіраецца рост рэпрэсій
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зрабіла заяву ў сувязі з ростам рэпрэсіяў у поствыбарчы перыяд. Гэта – рэакцыя на адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да актывістаў за іх удзел у масавых мерапрыемствах, якія праходзілі падчас выбарчай кампаніі. Усяго ад сёння (2 снежня) да 14 снежня толькі ў судах Менска запланаваны судовыя пасяджэнні ў дачыненні да прыкладна дваццаці актывістаў.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч упэўнены, што гэтыя суды можна разглядаць у якасці рэпрэсіяў:
– Мы такім чынам падкрэсліваем іх сувязь з выбарамі. Бо яны тычацца тых падзей, якія былі падчас выбараў, а не зараз. І гэта фактычна такі класічны поствыбарчы перыяд, у які мы назіраем рост рэпрэсій. Фактычна ўлада такім чынам адпомсціла тым, хто прымаў актыўны ўдзел у гэтых выбарах і рабіў нешта тое, што ўладам не падабалася.
Праваабаронцы чарговы раз заклікаюць улады да выканання сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека. З поўным тэкстам заявы можна пазнаёміцца на сайце ПЦ “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск