Валянцін Стэфановіч: Пагаршэнне адносінаў Беларусі з Захадам выгадна Крамлю
Беларускія дзяржаўныя СМІ распавялі пра затрыманні ў Беларусі 33 баевікоў з расейскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.
Прадстаўнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу, што затрыманне адбылося хутка пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ў краіну для абвастрэння сітуацыі напярэдадні выбараў могуць быць падцягнуты прафесійныя ваенныя з прыватных вайсковых фармаванняў.
Гэта супадзенне насцярожвае, – кажа праваабаронца:
– Я не выключаю тут дзве версіі падзеяў. Адна – гэта тое, што мы маем справу з нечым падобным на папярэднія гісторыі, звязаныя з пацукамі ў водаправодах, «Белымі легіёнамі» ды іншымі рознымі такімі запалохваючымі рэчамі, якія будуць выкарыстаныя потым для ўзмацнення сітуацыі і рэпрэсіяў унутры краіны напярэдадні выбараў.
У любым выпадку, гэта будзе выкарыстана ўладамі Беларусі для ўзмацнення рэпрэсіяў, прэвентыўных затрыманняў актывістаў і недапушчэння выхадаў на акцыі пратэсту.
Але верагодна, што мы маем справу і з жаданнем Крамля выкарыстаць сітуацыю на сваю карысць, – не выключае Валянцін Стэфановіч:
– Верагодна, што мы маем справу сапраўды з жаданнем выкарыстаць сітуацыю і зрабіць шэраг правакацыяў падчас правядзення акцый пратэсту з мэтай далейшай дыскрэдытацыі ўладаў Беларус, і найперш на Захадзе. Верагодна, каб дасягнуць нейкіх ахвяраў падчас гэтых акцый пратэсту.
Адзінае, што засталося зрабіць для канчатковага пагаршэння стасункаў Беларусі з Захадам, – гэта запэцкаць рэжым крывёю. Натуральна, што пагаршэнне адносінаў Беларусі з Захадам выгадна Крамлю ў любым выпадку. Гэта зробіць больш уразлівым урад Беларусі на перамовах з кіраўніцтвам Расеі аб паглыбленай інтэграцыі, – лічыць Валянцін Стэфановіч.
Беларускае Радыё Рацыя