Валянцін Стэфановіч: Патрабуем неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі



Віктару Бабарыку, былому кандыдату на пасаду прэзідэнта, прысудзілі 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

“Мы, як і раней, патрабуем ад уладаў неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі,” – такая пазіцыя праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яе агучвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

– Мы з самага пачатку заявілі пра палітычна матываваны пераслед Віктара Бабарыкі, калі ён быў затрыманы ў разгар выбарчай кампаніі. І мы ўжо тады заявілі, што гэта мае палітычны характар. І ніякім чынам не звязана з тымі абвінавачаннямі, якія яму выставілі. І потым цягам усяго следства мы бачылі, што, па-першае, у дачыненні да яго парушаўся цэлы шэраг працэсуальных грамадзянскіх правоў. А па-другое, прад’яўленыя абвінавачанні сведчаць пра тое, што  яны носяць надуманы характар. Бо да таго як Бабарыка прыняў рашэнне балатавацца ў якасці кандыдата на гэтых выбарах, ніякіх прэтэнзій з боку кантралюючых органаў да банка, які ён узначальваў, да яго асабіста, – не было.

А што тычыцца парушэнняў, то іх цэлы набор, – гэта прэзумпцыя невінаватасці, калі Бабарыку адразу ж назвалі злачынцам з вуснаў старшыні КДК тагачаснага, і асабіста Лукашэнка на гэтую тэму неаднаразова выказваўся. Гэта і парушэнне права на абарону, калі абаронцы не мелі доступу да яго і былі вельмі моцна абмежаваныя ў кантактах. Усё ў сукупнасці сведчыць пра парушэнне прынцыпа справядлівага судовага разбіральніцтва, якое павінна быць гарантаванае дзяржавай. І гэта толькі яшчэ раз пераконвае нас у палітычна матываваным ягоным пераследзе. І мы патрабуем неадкладнага вызвалення спадара Бабарыкі, як і ўсіх сябраў яго ініцыятыўнай групы, уключна з ягоным сынам Эдуардам, Іллём Салеем і Марыяй Калеснікавай.

Нагадаем, Віктара Бабарыку прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. А прысуд палітычнаму зняволенаму экс-банкіру, былому кандыдату на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктару Бабарыку абвясцілі сёння, 6 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёна горада Менска – 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя