Валянцін Стэфановіч пракаментаваў „нечаканую” інаўгурацыю Лукашэнкі



Як адзначае сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, фармальна працэдура інаўгурацыі была выканана – бо пасведчанне Лукашэнку ўручала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, там прысутнічала нейкае кола асобаў.

Але інаўгурацыя не была анансаваная, там не было прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, і яна не транслявалася па дзяржаўных сродках масавай інфармацыі (што супярэчыць Закону аб Прэзідэнце).

– Вось у такім фармаце вырашыў правесці яе Аляксандр Рыгоравіч. Напэўна ён не хоча бачыць там больш ніякіх гасцей. І праводзіць яе ў пустым горадзе пад аховай міліцыі і вайскоўцаў. Гэта, канешне, вельмі дзіўна выглядае ў кантэксце таго, што Аляксандр Рыгоравіч сцвярджае, што ён набраў 80% галасоў і мае шалёную падтрымку ў беларускім грамадстве.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што статус Лукашэнкі ён бы назваў як “выконваючы абавязкі прэзідэнта”.

Беларускае Радыё Рацыя