Валянцін Стэфановіч: Улады зацікаўлены, каб выбары прайшлі спакойна



„Улады зараз зацікаўлены, каб выбары прайшлі спакойна. Але калі казаць пра транспарэнтнасць выбараў, такую задачу ім будзе выканаць не так лёгка”, – адзначае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

– Яны могуць нейкім чынам уплываць больш-меньш на фон, на якім будуць адбывацца выбары, магчыма не будуць прэвентыўна затрымліваць лідараў ці рабіць перашкоды ў дзейнасці ініцыятыўных груп кандыдатаў, у агітацыйнай дзейнасці саміх кандыдатаў. Але што тычыцца транспарэнтнасці, то гэта ў першую чаргу выбарчыя працэдуры, і найперш такія важныя рэчы як падлік галасоў. А ў гэтай сферы ніякіх зменаў не адбылося. І рэкамендацыі БДІПЧ, якія былі выказаныя ў час папярэдніх выбараў, не былі выкананыя.

Напярэдадні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанне, як выбары паўплываюць на адносіны краіны з заходнімі партнёрамі, адзначыў, што Беларусь не павінна прывязвацца ў развіцці адносінаў з ЕЗ і ЗША да якіх-небудзь канкрэтных падзеяў.  Ён таксама дадаў, што беларускія ўлады хочуць, каб выбары прайшлі ў максімальна транспарэнтнай манеры.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя