Валянцін Стэфановіч: Збіраць подпісы ўлада не перашкаджае
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праходзіць пераважна спакойна – заўважаюць назіральнікі з праекта «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», якія фіксуюць толькі нязначныя перашкоды для зборшчыкаў подпісаў. „Таксама ніхто не перашкаджае хадзіць па кватэрах,” – кажа каардынатар кампаніі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
– Хадзіць па кватэрах, хадзіць па нейкіх іншых месцах ніхто не забараняе, у тым ліку па інтэрнатах. Адзінае патрабаванне, што пры наведаванні інтэрната сябрамі ініцыятыўнай групы павінны быць выкананы патрабаванні правілаў наведавання інтэрнатаў і тых, хто там пражывае. Трэба зарэгістравацца на ўваходзе ў вахцёра. І ніякіх больш абмежаванняў няма. І ў вайсковых частках таксама можна збіраць подпісы, толькі трэба ўзгадніць з камандаваннем вайсковай часткі.
Як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, ёсць факты перашкодаў пры зборы подпісаў у інтэрнатах. Як прыклад, праваабаронца прыводзіць выпадак, калі 6 ліпеня супрацоўнікі інтэрната «Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта» на праспекце Дзяржынскага забаранялі збіраць подпісы прэтэндэнту ў кандыдаты Паўлу Стэфановічу, яго даставілі ў пастарунак, дзе высветлілі, што супрацоўнікі інтэрната – не мелі рацыю.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя