Валянціна Чубарава: Тое, што Пуцін усё яшчэ пры ўладзе, – у значнай ступені віна і адказнасць Захаду
Амаль 77 адсоткаў – столькі, паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама Расеі, набраў Уладзімір Пуцін на выбарах прэзідэнта Расеі. На другім месцы традыцыйна размясціўся прадстаўнік камуністычнай партыі Павел Грудзінін, які атрымаў няпоўныя 12 адсоткаў. За ім з 5 з паловай адсотка ідзе Уладзімір Жырыноўскі. Кандыдаты ад дэмакратычнай апазіцыі Ксенія Сабчак і Грыгорый Яўлінскі разам не набралі і трох адсоткаў.
Верыць лічбам па выбарах у Расеі можна, але варта памятаць, што гэта не быў дэмакратычны працэс – тлумачыць Валянціна Чубарава з асацыяцыі за “Свабодную Расею”.
На ўчасткі зганялі бюджэтнікаў, а вэб-камеры фіксавалі ўкіды бюлетэняў. Да таго ж прэса была амаль недаступная для дэмакратычнай апазіцыі, а галоўнаму апаненту Пуціна – Аляксею Навальнаму – адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам.
Валянціна Чубарава: Я не ведаю, наколькі вялікія былі фальсіфікацыі, але яны напэўна былі. І хутчэй за ўсё па прывычцы. Няма неабходнасці фальсіфікацыі пры такія выбарах, калі ёсць татальны кантроль над СМІ, ціск, прымушаюць хадзіць бюджэтнікаў і г.д. У сітуацыі, калі галоўны канкурэнт – Навальны, і калі гэты канкурэнт заклікаў да байкоту і многія байкатуюць, я паважаю гэты выбар, але ён яшчэ больш скрыўляе карціну. І хапацца за галаву, што 77 працэнтаў падтрымлівае Пуціна, не варта. Бо Пуцін свой электарат мабілізаваў. І ўсё, што было зроблена з яго боку, было разлічана на пуцінскі электарат. Бо пратэсны электарат зусім не на гэтыя плакаты арыентаваўся, а на зусім іншыя аргументы. Таму значная частка (я гляджу па сваіх знаёмых у апазіцыйным асяроддзі) – нейкі працэнт за Сабчак, нейкі працэнт за Яўлінскага, нехта, як я, сапсаваў бюлетэнь. Але большасць байкатавала гэтыя выбары. Таму гэтыя 77% ні пра што не гавораць.
РР: А што вы зрабілі са сваім бюлетэнем?
Валянціна Чубарава: Я напісала на ім: «Пуцін – забойца, Крым – гэта Украіна, свабоду палітзэкам».
Фота Валянціны Чубаравай
РР: Але нягледзячы на тое, што вы казалі, і тыя лічбы, што маем, усё роўна фіксаваліся парушэнні: гэта ўкіды бюлетэняў, закрыццё вэб-камер на ўчастках. Навошта ўсё гэта патрэбна, калі, здавалася б, у Пуціна такая велізарная падтрымка?
Валянціна Чубарава: Насамрэч такой вялікай падтрымкі няма. Праблема гэтага рэжыму ў тым, што ён сам ужо не ведае, якая частка яго падтрымлівае. Бо калі няма нармальных СМІ, нармальнай сацыялогіі, нельга спакойна выйсці на мітынгі – няма зваротнай сувязі. Седзячы на парахавой бочцы, ён разумее, што ўсё не так, як ён хоча прадставіць прапагандзе, а як усё насамрэч, якая для яго ёсць небяспека – ён не ведае. Таму фармальны выйгрыш яму гарантаваны быў бы нават без укідаў. Але, па-першае, яны паталагічныя злачынцы – яны не могуць гэтага не рабіць. Па-другое, ім трэба падстрахавацца. І па-трэцяе, адна рэч – каб Пуцін застаўся прэзідэнтам, а другая – каб нехта канкрэтны не атрымаў па галаве за нізкі працэнт. І гэта робяць людзі, якія хвалююцца не за тое, ці будзе Пуцін прэзідэнтам, а за тое, ці не акажацца так, што ў іх на ўчастку самы маленькі працэнт, і ці не будзе ім за гэта чаго-небудзь.
РР: Таксама варта адзначыць, што нядопуск Аляксея Навальнага да выбараў – гэта, хіба, не самая страшная мера, якую Пуцін прымяняе ў дачыненні да апазіцыі. Мы ўсе выдатна памятаем забойства Барыса Нямцова. Як вы думаеце, цяпер, у новай кадэнцыі, калі Пуцін зноў застаецца на пасадзе прэзідэнта, ён надалей будзе ўсіх дэмакратычных адэкватных людзей выціскаць з Расеі ці не даваць ім слова? Ці гэты ціск павялічыцца?
Валянціна Чубарава: Цяжка ўявіць нешта іншае. Адзінае, што я разумею, хоць цяжка казаць, бо не было нармальнага расследавання і суда, але ўсё ж такі, забойства Нямцова – гэта не прамое ўказанне на Пуціна, бо хутчэй мела месца імправізацыя, спроба дагадзіць. І, канешне, гэта імправізацыя ў сітуацыі, калі гэта дазволена, калі зразумела, што людзей за гэта не пасадзяць у турму, і г. д. Таму, хутчэй за ўсё, забойства Нямцова не было ўласна яго ініцыятывай. Але так ці іначай практыка такая: кожны новы тэрмін горшы за папярэдні. І цалкам відавочна, што адступаць яму няма куды. Ён цяпер можа толькі разыгрываць карту моцна аўтарытарную, мілітарызму, ціску і нават закрыцця жалезнай заслоны.
РР: Кажуць ужо, што Пуцін пабіў рэкорд Брэжнева па гадах ва ўладзе, і ідзе на рэкорд Сталіна. На думку актывістаў дэмакратычнай расейскай апазіцыі, як вы ацэньваеце тое, што, напрыклад, Чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў Расеі, што ўвогуле маецца кантакт Захаду з Расеяй?
Валянціна Чубарава: Безумоўна, я лічу, ёсць вялікая адказнасць Захаду за тое, што адбываецца ў Расеі. Але я не здымаю адказнасці і з нас. Аднак міжнародная супольнасць павінна была адрэагаваць на Пуціна нашмат раней. Па-першае, нашмат раней да Украіны. Па-другое, пасля Украіны ўжо дакладна не павінна было застацца пытанняў. А тое, што з ім надалей гуляюць у палітычныя гульні, у спорт, які нібы па-за палітыкай, – усё гэта дае яму вялікія балы. І я думаю, што тое, што Пуцін усё яшчэ пры ўладзе, – у значнай ступені віна і адказнасць Захаду.
РР: Паводле вынікаў, на другім месцы – традыцыйна прадстаўнік камуністаў, пасля ідзе Жырыноўскі. Таму часта гэта падаецца яшчэ так: «Ну, калі не Пуцін, то будзе камуніст ці неадэкватны Жырыноўскі». Ці насамрэч у расейскім грамадстве ёсць такія радыкальныя погляды?
Валянціна Чубарава: Уся гэтая сітуацыя не дазваляе нам пабачыць нармальныя погляды людзей. Канешне, ёсць левы папулізм, як і любы іншы… Мяне, напрыклад, зараз больш пужае правы папулізм у Расеі, ёсць большая рызыка таго, што ўсё хіснецца ўправа. У кожным выпадку, большасць людзей не задаволена тым, як жывецца цяпер у Расеі, але шукае таму розныя тлумачэнні. І зразумела, што левы папулізм, чым краіна бяднейшая, а Расея становіцца бяднейшай, як кажуць, бітва тэлевізара з лядоўняй, у лядоўні справы ўсё горш. У сітуацыі сацыяльнай і эканамічнай нестабільнасці, якая ўжо адчуваецца, яны ўсё яшчэ трымаюцца за стабільнасць. Але насамрэч стабільнасці ўсё менш. У гэтай сітуацыі любыя левыя лозунгі, любыя размовы пра сацыяльную справядлівасць вельмі чапляюць.
Выбары 18 сакавіка 2018 года былі ўжо чацвёртымі для Уладзіміра Пуціна, першымі пасля анексіі Крыма.
Паводле расейскай Канстытуцыі, адна асоба можа займаць пасаду прэзідэнта не больш як два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін пачынае ўжо сваю чацвёртую кадэнцыю – гаспадар Крамля абышоў Канстытуцыю, сышоўшы з пасады прэзідэнта ў 2008 годзе. Цяпер у яго будзе другі тэрмін у другі раз. Уладзімір Пуцін фактычна кіруе Расеяй ужо 18 гадоў. Гэта найдаўжэйшы тэрмін з часоў Сталіна.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава