Варанецкі ў Берліне нагадаў пра ініцыятыву „Хельсінкі-2”



Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Валерый Варанецкі выступіў 8 ліпеня на пасяджэнні агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў рамках 27-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Берліне.

„Нагадаў калегам пра вылучаную кіраўніком Беларусі ў мінулым годзе ў Менску ініцыятыву запуску новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі аналагічна Хельсінкскаму, — паведаміў у Фейсбуку Варанецкі. — Такі дыялог павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі для ўмацавання даверу і міжнароднай бяспекі”.

Беларускі дыпламат і палітык пацвердзіў таксама гатоўнасць Беларусі і надалей актыўна працаваць у рамках АБСЕ па супрацьдзеянні транснацыянальным выклікам і пагрозам. Валерый Варанецкі запрасіў калег прыняць удзел у канферэнцыі АБСЕ высокага ўзроўню „Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”, якая пройдзе 9—10 кастрычніка ў Менску.

belapan.by