Вардамацкі пра вынікі выбараў у ЗША: Сацыёлагі наступілі на тыя ж граблі
Перад выбарамі ўсе агенцыі прагназавалі перамогу Гілары Клінтан, аднак прэзідэнтам ЗША абралі Дональда Трампа. Чаму вынікі сацыёлагаў адрозніваюцца ад вынікаў выбараў? Многія людзі падчас апытанняў саромеліся прызнацца, што яны будуць галасаваць за Трампа, упэўнены выкладчык Цэнтра Беларусіх Студыяў Андрэй Вардамацкі:
– Спрацаваў той механізм, які ў сацыялогіі называецца “эфект сацыяльнай пажаданасці”. Тыя самыя граблі, на якія сацыёлагі наступалі шмат разоў. Так было на шэрагу выбараў. Людзі адказваюць на пытанні сацыёлага такім чынам, як на іх думку, было б лепей выглядаць у сваіх асабістых вачах.
Таксама сацыёлаг дадаў, што гэты эфект уласцівы любому грамадству, у тым ліку і беларускаму. Але ў дзяржавах аўтарытарнага тыпу на вынікі апытанняў уплываюць і іншыя чыннікі, у тым ліку страх:
– Можна гаварыць пра дзве розныя прыроды, дзве галоўныя прычыны гэтай з’явы. Так, у заходніх краінах адзін характар, больш культурніцкі, а ў другіх краінах ён мае іншую прыроду.
Андрэй Вардамацкі зазначыў, што цягам апошняга года гэта было не першае несупадзенне вынікаў сацапытанняў і выбараў. Гэтак мінулым летам агенцыі прадказвалі, што брытанцы на рэферэндуме не падтрымаюць выхад Злучанага Каралеўства з Еўразвяза.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя