Варшава гатова быць пасярэднікам у перамовах паміж уладамі Беларусі і грамадскасцю
Міністр замежных справаў Польшчы Яцак Чапутовіч заявіў пра гатоўнасць Варшавы выступіць пасярэднікам у перамовах паміж уладамі і прадстаўнікамі грамадскасці ў Беларусі, паведамляе Польскае радыё.
Кіраўнік МЗС Польшчы зазначыў, што ход выбарчай кампаніі ў Беларусі, асноўны дзень галасавання і падзеі, якія былі пасля, супярэчаць міжнародным стандартам. Выбары ў Беларусі прадэманстравалі ўсвядомленасць і актыўную пазіцыю яе грамадзян, якія імкнуцца да таго, каб мець рэальны ўплыў на фармаванне будучыні сваёй краіны, заявіў кіраўнік польскай дыпламатыі. На думку кіраўніка МЗС Польшчы, пачатак перамоваў паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі грамадскасці мог бы паслужыць сігналам пра спробу выхаду з наяўнай сітуацыі.
Чапутовіч таксама выказаў гатоўнасць выступіць медыятарам у такіх перамовах. „Польшча мае пэўны досвед — маюцца на ўвазе перамовы 1989 года, — які мог бы паслужыць у якасці падыходу і вырашэння сітуацыі ў Беларусі. Мы да гэтага гатовыя. Гэта мог бы быць наш унёсак. Мы лічым неабходным пачатак перамоваў уладаў з прадстаўнікамі грамадства”, — зазначыў Чапутовіч.
Кіраўнік польскай дыпламатыі падкрэсліў, што Польшча зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай і адкрытай для міжнароднага супрацоўніцтва краінай. Паводле інфармацыі Польскага радыё, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, у сваю чаргу, паведаміў, што знаходзіцца ў шчыльным кантакце з польскім амбасадарам у Беларусі, а таксама пра гатоўнасць „адэкватна рэагаваць на падзеі і абставіны”.
Як паведамлялася, 10 жніўня прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў правесці пазачарговае пасяджэнне Еўрапейскага савета ў сувязі з падзеямі ў Беларусі.
Фота: PAP/Radek Pietruszka